Многія дэталі ў Aurus, падораным Пуціным Кім Чэн Ыну, былі імпартнымі

Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін за рулём Aurus

Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін за рулём Aurus / ЦТАК via REUTERS

Многія дэталі ў лімузіне Aurus, які прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падарыў лідару Паўночнай Карэі Кім Чэн Ыну, аказаліся імпартнымі. Гэта высветліла агенцтва Reuters.

Вытворца аўтамабіля, расійская кампанія Aurus Motors, імпартуе дэталяў на мільёны долараў. З 2018 да 2023 года, у прыватнасці, для зборкі аўтамабіляў і матацыклаў Aurus Расія атрымала з-за мяжы абсталявання і камплектавальнікаў на суму не менш чым 34 млн долараў. Гэта вынікае з мытных дакументаў, з якімі азнаёмілася агенцтва. Іх закупляюць у тым ліку ў Паўднёвай Карэі, якую Кім называе "асноўным ворагам" сваёй краіны.  

З Паўднёвай Карэі, у прыватнасці, былі імпартаваныя кузаўныя часткі аўтамабіляў, датчыкі, праграмаваныя кантралёры, выключальнікі, зварачнае абсталяванне і іншыя кампаненты на суму амаль 15,5 млн долараў. Дэталі паступалі таксама з Кітая, Індыі, Турцыі і краін ЕС. Усё гэта паказвае на залежнасць Расіі ад заходніх тэхналогій, адзначае Reuters.

Характэрна, што замежныя пастаўкі для Aurus Motors працягваліся і пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.  З лютага 2022 года імпартавалі абсталявання і дэталяў на суму амаль 16 млн долараў, з іх на 5 млн долараў — з Паўднёвай Карэі. Хоць у лютым 2024 года AURUS LLC была ўключаная ЗША ў санкцыйны спіс. Вытворчасць Aurus з 2021 года працуе ў Татарстане. Ёсць планы адкрыць яшчэ адну вытворчасць у Санкт-Пецярбургу на былым заводзе Toyota. Aurus —афіцыйны прэзідэнцкі аўтамабіль Расіі. Ён, у прыватнасці, быў задзейнічаны падчас інаўгурацыі Пуціна ў 2018 і 2024 гадах. Усяго кампанія вырабляе чатыры мадэлі аўтамабіляў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі