МУС Польшчы чакае правакацыі ад Беларусі перад выбарамі
Варшава / pixabay
У польскім МУС гатовыя да спробаў умяшання ў парламенцкія выбары краіны з боку беларускага рэжыму. Пра гэта ў гутарцы з "Польскім радыё" заявіў намеснік кіраўніка міністэрства Мацей Вонсік. Выбары ў польскі парламент пройдуць гэтай восенню.
"Мы ўсведамляем, што Аляксандр Лукашэнка захоча ўмяшацца ў польскія выбары, дэстабілізуючы сітуацыю і робячы розныя правакацыі", — сказаў Вонсік.
Ён дадаў, што Польшча ўвесь час чакае правакацый на беларуска-польскай мяжы.
Нагадаем, на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка даручыў беларускаму прэм'еру Раману Галоўчанку наладзіць адносіны з Польшчай. Паводле яго слоў, яшчэ ў ліпені ён даручыў ураду і МЗС прапанаваць заходнім суседзям план добрасуседства і міру.
Польскі МЗС у адказ заявіў, што наладзіць адносіны з суседам вельмі проста. Трэба спыніць правакацыі на мяжы і вызваліць палітвязняў, сярод якіх журналіст і прадстаўнік польскай меншасці Анджэй Пачобут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.