МЗС Польшчы пра даручэнне Лукашэнкі наладзіць адносіны: "Гэта пустыя словы"
МЗС Польшчы / ТАСС
Каб Беларусі палепшыць стасункі з Польшчай, трэба спыніць правакацыі на мяжы і вызваліць палітвязняў, сярод якіх журналіст і прадстаўнік польскай меншасці Анджэй Пачобут. Пра гэтыя ўмовы нагадаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблонскі. Так ён адрэагаваў на даручэнне Лукашэнкі "наладжваць стасункі " з еўрапейскімі суседзямі.
Яблонскі адзначае, што такі сігнал важны, але за словамі павінны быць дзеянні.
— Калі Лукашэнка сапраўды хоча палепшыць стасункі з Польшчай, ён можа зрабіць гэта вельмі простым спосабам. Я магу зрабіць гэтую прапанову прама цяпер. Спыніце напады на нашу мяжу, вызваліце з турмаў Анджэя Пачобута і больш за тысячу палітычных зняволеных і больш не праводзіце гэтую кампанію нянавісці, нападаў, гэтую гібрыдную вайну супраць Польшчы, — сказаў намеснік кіраўніка МЗС Польшчы.
Пакуль Польшча бачыць, што прыязныя пасылы Аляксандра Лукашэнкі супярэчаць дзеянням беларускага боку.
— У дадзены момант, пакуль мы гаворым, ідуць атакі польскай мяжы. Гэта пустыя словы, у чарговы раз мы чуем такія заявы, але ніякай канкрэтыкі за гэтым не было.
Яблонскі падкрэслівае, што Польшча ніколі не мела варожых намераў у дачыненні да Беларусі.
11 жніўня Лукашэнка даручыў прэм'ер-міністру Раману Галоўчанку наладзіць адносіны з Польшчай:
— Яны побач, яны нашы суседзі — Еўразвяз. І адносіны з імі губляць нельга. Мы да гэтага гатовыя, але з улікам нашых уласных інтарэсаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.