Mustelide выпусціла новы трэк і відэа пра свой 2017 год
Беларуская электронная прынцэса Mustelide прадставіла новы трэк "Наноантенна" і відэа да яго. Кліп уяўляе сабой нарэзку з кадраў, якія музыка рабіла падчас сваіх канцэртных вандровак па свеце.
"Напісала тэкст я яшчэ год таму падчас майго першага тура па Еўропе, калі я гуляла па Севільі і адразу ж адчула ўнутры сябе прыладу, якая ўбірае сонечнае святло, уражанні, густы, пахі, сустрэчы і выпрацоўвае з усяго гэтага энергію. Потым я зразумела, што падобная прылада існуе і называецца нанаантэна", — распавядае Наталля гісторыю стварэння песні на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Сёлета Наталля Куніцкая стала адной з нямногіх беларускіх музыкантак, якая дала каля 40 канцэртаў у 13 краінах. У наступным годзе спявачка збіраецца спыніцца і засяродзіцца на запісе новага альбома.