Мужа палітзняволенай затрымалі на выхадзе з калоніі пасля спаткання з жонкай
Мужчыну затрымалі на выхадзе з калоніі, ілюстрацыйнае фота
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне мужа палітзняволенай Віталіі Бандарэнка — Анатоля Старасвецкага. Яго затрымалі, калі ён пасля спаткання з жонкай выходзіў з калоніі. Гэта адбылося яшчэ ў верасні. З таго часу ён знаходзіцца ў зняволенні: спачатку ў ІЧУ, а цяпер — у СІЗА.
На Анатоля завялі крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК). "У сваіх лістах хлопец вельмі хвалюецца за дзяўчыну", — адзначаюць праваабаронцы. Яны нагадваюць, што Віталія была адзінай дзяўчынай з асуджаных за ўдзел у брэсцкіх "масавых беспарадках". Да суда яна паспела выехаць за мяжу, але затым вярнулася, і яе затрымалі. У выніку ў сакавіку 2021 года суддзя Андрэй Грушко прызначыў ёй 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У жніўні 2022 года ў гомельскай калоніі Віталія выйшла замуж за Анатоля Старасвецкага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.