Мужчына вывозіў жыхароў Брэстчыны ў працоўнае рабства ў Расію (фота)

Мужчына вывозіў жыхароў Брэстчыны ў працоўнае рабства ў Расію (фота)

Упраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі брэсцкай абласной міліцыі разам з грамадскай арганізацыяй "Клуб дзелавых жанчын" перакрыў канал незаконнага вывазу беларусаў у Расію. Нашых суайчыннікаў вывозілі ў працоўнае рабства.

Як паведамляе прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама, 33-гадовы жыхар аднаго з райцэнтраў Брэстчыны арганізаваў незаконны бізнэс. Разам з невядомай асобай мужчына завербаваў і вывез у Варонежскую вобласць Расіі больш за 50 жыхароў Брэстчыны.

Абвесткі ён размяшчаў у інтэрнэце і ў грамадскіх месцах Брэста і Кобрына. Жыхароў Брэстчыны ён запрашаў на сельскагаспадарчыя работы ў Расіі. Патэнцыйным работнікам мужчына абяцаў бясплатны праезд да меца працы, а таксама пражыванне ў спрыяльных умовах, добрае харчаванне за кошт працадаўцы і штомесячны заробак не ніжэй за 300 умоўных адзінак.

Як выявілася, мужчына ўжо быў раней судзімы. На гэты час ён быў пакараны абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Міліцыянты затрымалі яго за парушэнне парадку адбыцця пакарання. У дадатак выявілася, што ён займаўся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Матэрыялы праверкі міліцыянты перадалі для далейшай прававой ацэнкі. На мужчыну могуць пачаць крымінальную справу за незаконныя дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі