Мужчына, які падпаліў сябе на Кастрычніцкай, меў перадсмяротную запіску
Цэнтральным раённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка па факце спробы мужчыны скончыць жыццё самагубствам шляхам публічнага самаспалення. Пра гэта ў Фэйсбуку паведамляе афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.
"28 красавіка каля 17.25 на плошчы Кастрычніцкая 56-гадовы жыхар Мінскага раёна, выкарыстаўшы гаручую вадкасць, падпаліў на сабе вопратку. Дзякуючы своечасова аказанай супрацоўнікамі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама дапамозе агонь патушаны. Пацярпелы дастаўлены ў медустанову ў цяжкім стане. Следча-аператыўнай групай з месца здарэння канфіскавана перадсмяротная запіска і іншыя рэчавыя доказы, якія дазваляюць лічыць ключавой версію пра спробу суіцыду".
Паводле Герасімава, СК высвятляе прычыны, якія вымусілі мужчыну пайсці на такі радыкальны крок. Вывучаецца яго псіхафізічны стан, праводзяцца адпаведныя экспертызы.
Па інфармацыі Еўрарадыё, ён знаходзіцца ў рэанімацыі Бальніцы хуткай дапамогі.
Як паведамляе тэлеканал Беларусь-1, гэты ўчынак пацярпелы здзейсніў у адчаі. Усяму віной сямейная драма. Ён пражыў 10 гадоў з жонкай, у 2007 годзе нарадзілася дзіця, а потым пара развялася. Суд вызначыў колькасць сустрэч з дзіцем, але такое рашэнне мужчыну не задаволіла. Ён дайшоў да Вярхоўнага суда, які пацвердзіў ранейшае рашэнне. З жонкай дамовіцца не атрымалася, таму мужчына звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта. Там яму растлумачылі сітуацыю, але гэта яго не задаволіла.