"Мы ўбачылі грузавік, ён рухаўся хутка, 60-70 кіламетраў у гадзіну"

"Мы ўбачылі грузавік, ён рухаўся хутка, 60-70 кіламетраў у гадзіну"

14 ліпеня падчас святкавання Дня ўзяцця Бастыліі адбыўся тэракт у Ніцы. 31-гадовы француз з туніскімі каранямі давіў людзей: ён праехаў 2 кіламетры зігзагамі, каб было больш ахвяр. Паводле апошніх дадзеных, ён забіў 84 чалавекі. Як гэта адбывалася, распавядаюць відавочцы.

Мары, якая стала відавочцам трагедыі: "Мы бачылі, як сотні людзей спрабуюць трапіць у сховішча. Там былі дзеці.  Што мяне найбольш уразіла — што людзі ўсё здымалі. Там быў малады чалавек, які быў паранены, ляжаў на зямлі і здымаў, ён паміраў..." (Le parisiens)

Эміль Вадкінс, відавочца: "Была вялікая блытаніна. Я не памятаю, як убачыў грузавік, які набліжаецца. Мы чулі шмат крыкаў адтуль, дзе быў грузавік. Людзі беглі да нас. Людзі спатыкаліся, спрабавалі схавацца ў гатэлях, на паркоўках, на запраўках, галоўнае, каб не быць на вуліцы"(Le parisien)

Патрыс, былы супрацоўнік паліцыі, які прыйшоў на свята з сям'ёй: "Калі я праехаў уверх да шпіталя Ленваль, убачыў два спрэсаваныя аўтамабілі. Гэта праз іх грузавік выехаў, хаця ўезд мусіў быць заблакаваны. Два ці тры целы, паламаныя грамадскія лавы, людзі крычаць, іншыя спыніліся і страцілі мову. Я зразумеў, што гэта не быў няшчасны выпадак. Гэта было праз некалькі хвілінаў, як праехаў грузавік. Там не было паліцыі, нямногія ратавальнікі, якія там былі, шакаваныя колькасцю ахвяраў. Я прайшоў уніз па шашы, гэта была сцэна вайны. Вы падыходзіце, каб дапамагчы людзям, вы робіце рухі і разумееце, што гэта бессэнсоўна, што вы нішто пасярэдзіне ўсяго гэтага. Але вы спрабуеце зрабіць хоць нешта" (Liberation).

Антуан, студэнт: "Мы былі на пляжы Нептуна, феерверк скончыўся і трэба было вяртацца. Менавіта ў гэты момант мы пабачылі грузавік, ён рухаўся хутка, 60-70 кіламетраў у гадзіну" (ledauphine).
Манон, студэнтка: "Я ўбачыла, што адбывалася ў кабіне, кіроўца быў рашучым, ён рухаўся. Грузавік пакаціўся па тратуары. Гэта адбылося за два метры ад нас. Я бачыла ляжачых людзей, я бачыла дзіця на зямлі"
(ledauphine).

Крыстоф, жыхар Ніцы: "Гэта было сапраўднае свята, там былі тысячы людзей, процьма людзей. А пасля я раптам убачыў, што людзі бягуць да мяне. Я яшчэ падумаў, што так часта бывае ў натоўпе, нейкая паніка. А пасля пачуў, што людзі крычаць, і ўжо тады зразумеў, што нешта адбываецца. Мы ўсе разам пабеглі да порта, гэта была суцэльная паніка".(le dauphine)

Хроніка тэракту ў Ніцы

- У Ніцы грузавік на вялікай хуткасці пратараніў натоўп.

- Адбылося гэта позна ўвечары 14 ліпеня, адразу пасля салюту на Англійскай набярэжнай, дзе людзі святкавалі Дзень Бастыліі.

- Грузавік праехаў каля 2 кіламетраў зігзагамі, спецыяльна, каб загінула больш людзей.

- Даўжыня набярэжнай — 8 кіламетраў. Яна была закрытая для транспарту з абодвух бакоў.

- Тэрарыста ліквідавалі паліцэйскія. У лабавым шкле — 31 дзірка ад куляў.

- Кіраваў грузавіком 31-гадовы француз туніскага паходжання.

- Ён забіў 84 чалавекі. У тым ліку шмат дзяцей. Розныя траўмы атрымалі больш за сто.

- У грузавіку знайшлі зброю і боепрыпасы (сярод іх — гранаты).

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі