"Мы працавалі некалькі гадоў", ― аўтар новай эмблемы МЗС расказвае падрабязнасці
2 траўня Міністэрства замежных спраў Беларусі прадставіла сваю новую эмблему. Стары авал з выявай будынка МЗС на сінім фоне (таксама старога) больш не актуальны. Але новая эмблема замежнапалітычнага ведамства выклікала шэраг пытанняў. Яе аўтар, мастак-геральдыст і сябра Міжнароднага саюза дызайнераў Віктар Ляхор расказаў Еўрарадыё, які сэнс схаваны ў новым сімвале.
"У Беларусі ўжо склалася сістэма, па якой кожнае ведамства распрацоўвае сваю сімволіку. Яны маюць права выкарыстоўваць дзяржаўныя сімвалы, але таксама могуць дадаваць свае элементы... Калі вы паглядзіце на эмблемы міністэрстваў, то гэта той набор сімвалаў, якія зразумелыя людзям. Калі зайшла размова пра распрацоўку эмблемы для МЗС, то паўстала даволі вялікая праблема", ― расказвае мастак.
Сутнасць праблемы заключалася ў тым, што ў адрозненне ад, напрыклад, Міністэрства прамысловасці, увасобіць дзейнасць МЗС у нейкім адным прадмеце-сімвале было куды складаней. У дадатак патрабавалася, каб сімвал МЗС прадстаўляў не толькі само ведамства, але і ўсю краіну. У выніку, ад пачатку размоваў пра новую эмблему да яе з'яўлення прайшло некалькі гадоў. А канкрэтна праца над новай эмблемай вялася больш за шэсць месяцаў.
"Выкарыстанне традыцыйнай пальмавай галіны, якая была сімвалам дыпламатыі яшчэ з часоў Расійскай імперыі, нам падалося немагчымым. Гэта магло быць гэткай калькай, якая б падкрэслівала нашу гістарычную падпарадкаванасць. Альбо, не дай божа, цяперашнюю. Таму ад такога падыходу адразу адмовіліся і зыходзілі з таго, што трэба знайсці агульны сімвал Беларусі... Таму мы пастараліся спалучыць тое, што складана спалучаецца. Сімволіку нашага беларускага арнаменту, вышыўкі, старажытныя язычніцкія сімвалы з поставецкай сімволікай. У іх ад пачатку абсалютна розныя падыходы. Наш магутны дзяржаўны складанасастаўлены герб спалучыць з этнічнымі сімваламі складана. Герб дзяржаўны, а сімвалы ― нацыянальныя, этнічныя. Мы зрабілі спробу ўзяць самы распаўсюджаны сімвал, крыж-васмярок. Які з'яўляецца асновай мноства іншых сімвалаў. Яго сутнасць ― чалавек, жыццё, смерць, энергія. Гэта адзін з найбольш дамінуючых беларускіх сімвалаў. Таму мы яго паспрабавалі спалучыць з гербам Рэспублікі Беларусь. Каб ён перастаў дамініраваць і развальваць эмблему на часткі, мы вывелі яго ў лінейны малюнак", ― расказвае Віктар Ляхор.
Усяго існавала каля дваццаці варыянтаў новай эмблемы МЗС. Сярод іх былі эмблемы з зубром, буслом і нават са слуцкімі паясамі, але ў выніку дызайнеры спыніліся менавіта на варыянце з выкарыстаннем элементу нацыянальнага арнамента.
"Мы прэзентуем не толькі этнакультурны код, але і дзяржаву, таму было вырашана часткова афарбаваць, скажам так, крыж-васмярок у зялёны колер, спалучыўшы яго такім чынам з дзяржаўнай сімволікай. Паставілі яго на сіняе кола, гэта пашыраны ў міжнароднай эмблематыцы колер", ― тлумачыць аўтар эмблемы.
Віктар Ляхор прызнаецца, што праца над эмблемай не была бясплатнай, аднак канкрэтных лічбаў не называе. І дадае, што разам з новай эмблемай для МЗС таксама распрацавалі сцяг, узнагароды і нават мундзір дыпламатычных супрацоўнікаў. "Гэта цэлы геральдычны комплекс, у якім савецкую сімволіку мы паспрабавалі выцясніць, у добрым сэнсе слова, нашай нацыянальнай", ― тлумачыць дызайнер.