“Мы верылі, што дадуць умоўны тэрмін. Таму і адваката не наймалі”
У сацыяльных сетках Наста падпісваецца яго прозвішчам, посціць фота Віктара з подпісам "Ён прыгожы, добры, мілы... такі смешны... без яго кепска, а калі ён побач, я шчаслівая. Са мной ён добры... сапраўдны... у яго прыгожыя вочы і ўсмешка... ён самы родны... я вельмі люблю яго!", выстаўляе статус "Мне вельмі без цябе кепска" і дэманструе свой круглы жывоцік, піша: "Гэта мая будучыня".
14-гадовай Насце з вёскі Асташковічы, што на Светлагоршчыне, праз два месяцы нараджаць. 27-гадоваму бацьку дзіцяці, Віктару, за тое, што меў сексуальныя зносіны з непаўналетняй, тры гады сядзець за кратамі.
"Мы пазнаёміліся ў інтэрнэце, завязаліся стасункі. Потым запрасіў да сябе. З сяброўкай схадзілі да яго ў госці. Потым усё закруцілася-завярцелася, цягам некалькіх месяцаў прапаноўваў сустракацца. Я пагадзілася. Я яго пазнаёміла з мамай. Сама пазнаёмілася з яго маці, яна таксама не супраць нашых адносінаў. Часам нават начавала ў яго, жыла. У нас было ўсё добра", — распавядае Наста.
“Хацелі дзіця абодва. У Віці свой дом, планавалі там жыць. Да суда я там і жыла ў яго”
Па словах дзяўчыны, Віктар ведаў толькі, што Наста — школьніца. Яго сястра — былая настаўніца Насты. Нібыта хлопец меркаваў, што каханай ужо 15, раз яна вучыцца ў 9-м класе. Сама дзяўчына раскрываць свой узрост не лічыла патрэбным. Але ў жніўні Наста святкавала ўсяго толькі 14-годдзе, пра што маладому чалавеку паведаміла яе маці Вольга. Другой навіной стала цяжарнасць Насты.
"Што ён, што я былі ў шоку, — узгадвае дзяўчына. — Вырашылі пакінуць дзіця, тым больш, што я б ніколі не зрабіла на першага аборт. Мы хацелі дзіця абодва. У Віці ёсць свой дом, мы планавалі там жыць. Да суда я там і жыла ў яго... А мама тры дні не верыла нам, бо мы з Віцем жартавалі часта на гэты конт. Я тэсты паказала — яна была ў шоку. У бальніцы мне прапаноўвалі зрабіць аборт, але што я, што мама - адмовіліся".
Наста кажа, што чакае дзяўчынку, Вікторыю. Праўда, першае УЗІ паказала хлопчыка. А другое — дзяўчынку. Збіраецца ў хуткім часе на трэцяе. Калі ўсё ж будзе хлопчык, то ён будзе Сцяпанам.
"Пакуль Віктар не выйдзе, буду жыць з мамай. Потым мне споўніцца 15, я туды да яго паеду і мы распішамся. Выйдзе — будзем далей жыць разам", — малюе будучыню Наста. 9 лютага мусіць адбыцца перагляд справы Віктара, якому прысудзілі тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Наста, Віктар і іх бацькі вельмі спадзяюцца на змяншэнне тэрміна.
“Ён яе на руках насіў, так добра разумеюць адзін аднога”
“Ён яе на руках насіў, — плача ў трубку маці Насты, Вольга. — Так моцна яны пакахалі, так добра разумеюць адзін аднаго. Няхай бы жылі, гадавалі б дзіця. Мы ўсе верылі, што яму дадуць умоўны тэрмін. Усе вакол так думалі. І ён спадзяваўся. Таму нават і адваката вырашыў не наймаць, хоць мы з яго маці прапаноўвалі гэта зрабіць… Ён жа прызнаў дзіця, не адмаўляўся ад Насты. А так, гэты прысуд зробіць няшчаснымі трох чалавек”.
Выхоўваць самастойна сваё дзіця 14-гадовая Наста па законе не можа. Таму немаўля перададуць апекуну, якім можа стаць ці маці Насты, Вольга, ці бацькі Віктара, якія ўжо напісалі заяву аб апякунстве. Сама дзяўчына заканчвае ў траўні 9 класаў. Калі рашэнне суда не зменіцца, яна паедзе будзе вучыцца ў вучэльню, хутчэй за ўсё, завочна.
“Я б дала яму па максімуме — 8 гадоў”
Еўрарадыё звязалася з Наталляй Кендыш, намесніцай старшыні камісіі па справах непаўналетніх Светлагорска. Яна прытрымліваецца вельмі жорсткай пазіцыі ў дачыненні да сітуацыі:
“Трэба называць рэчы сваімі імёнамі: гэта педафілія ў чыстым выглядзе. Закон аб правах дзіцяці гарантуе дзіцяці палавую недатыкальнасць. Яна дзіця? Яна дзіця! Чаго тут яшчэ разважаць! Ён жорстка парушыў закон. Напляваў на ўсіх: і на грамадства, і на канстытуцыю, і на іншых людзей. Пра якое каханне гаворка? Ім рухае не каханне, а палавыя інстынкты. У яе жаданне паспрабаваць нешта незразумелае. Ён мусіў сказаць: “Давай пацерпім. Ты атрымаеш адукацыю. У цябе будзе светлая будучыня. Ты нечага ў жыцці дасягнеш”. А што ён прапанаваў? Калі б падчас суда ўсё залежала ад майго рашэння, я б дала яму па максімуме — 8 гадоў”.
“Настаўнікі ў школе добра ставяцца. Усе да цяжарных прызвычаіліся”
20 лютага раману Насты і Віктара споўніцца год. Наста лічыць, яго добрым, мілым, клапатлівым, “ніколі не крычаў, не ўздымаў руку”. Людзі-вяскоўцы таксама яго любяць.
"Мяне падтрымліваюць, таму што ў нас на вёсцы гэта не першы выпадак, — у Насты ціхі прыемны голас і разважае яна па-даросламу. — Мае сяброўкі — дзве сястры, яны вось таксама дзяўчынак нарадзілі. Сняжане было 16, мама ніякіх прэтэнзій да бацькі дзіцяці не мела. Насце было 15. Яе хлопец і так сядзіць у турме. Дык яму яшчэ большы тэрмін за гэта дадалі. І настаўнікі ў школе добра ставяцца. Бо і да мяне, і да маіх сябровак такія сітуацыі былі. Усе прызвычаіліся".
Апошні раз Наста бачыла Віктара на судзе. Дзяўчына сумуе. Кажа, што піша яму ў СІЗО кожны дзень. І ён таксама піша.
"Віця ведаў, што яго пасадзяць. Усе гэта ведалі. Але думалі, што, можа, усё яшчэ абыдзецца", — уздыхае будучая маці.
Калі суд не задаволіць касацыйную скаргу Віктара, убачыць сваё дзіця ён зможа толькі праз тры гады. Калі ўсё ж суд прыме ва ўвагу каханне і падумае пра дзіця, якому патрэбныя і мама і тата, у дзяўчыны з Віктарам ёсць шанец стварыць паўнавартасную сям'ю.
Фота са старонкі Насты ў сацыяльных сетак