МЗС Беларусі выказалася пра рэферэндум у Каталоніі
У аўторак, 3 кастрычніка, МЗС Беларусі выказалася пра рэферэндум у Каталоніі, які прайшоў два дні таму. “Дадзеная спрэчка з’яўляецца выключна ўнутрыіспанскай справай і павінна вырашыцца мірным шляхам у рамках заканадаўства Іспаніі”, — заявіў начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства нашай краіны Дзмітрый Мірончык.
Як вядома, улады Іспаніі не прызналі рэферэндум у Каталоніі, а Канстытуцыйны суд назваў яго незаконным. Спецпадраздзяленні, пасланыя Мадрыдам, спрабавалі сарваць яго правядзенне, у сутычках пацярпелі сотні мірных грамадзян і дзясяткі праваахоўнікаў. Улады Каталоніі заявілі, што 90% тых, хто здолеў прагаласаваць (а галасавалі менш за палову выбарцаў), выказаліся за незалежнасць.