МЗС Украіны спадзяецца на канструктыўнае рашэнне інцыдэнту з самалётам "Белавіі"
МЗС Украіны разлічвае, што інцыдэнт з "Боінгам" кампаніі "Белавіі" ва ўкраінскай паветранай прасторы будзе канструктыўна вырашаны. Пра гэта ў эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ паведаміла прэс-сакратар МЗС Украіны Мар'яна Беца.
"МЗС Украіны вельмі сур'ёзна ставіцца да гэтага інцыдэнту. Нашыя кампетэнтныя органы працягваюць расследаванне, пра што мы паведамілі беларускаму боку 31 кастрычніка. Спадзяемся, што паміж нашымі кампетэнтнымі органамі будзе знойдзена паразуменне і пытанне будзе вырашанае ў канструктыўным рэчышчы, што будзе тыпова для абодвух бакоў", — заявіла Беца.
Прадстаўнік украінскай дзяржаўнай кампаніі "Украэрарух" Леў Крыжаноўскі падкрэсліў , што цяпер бакі ўзгадняюць памер фінансавай кампенсацыі. Па яго словах, гэта камерцыйная таямніца, якую агучваць няма сэнсу.
Здарэнне з беларускім "Боінгам" адбылося 21 кастрычніка. Самалёт "Белавіі" накіроўваўся з аэрапорта "Жуляны" ў Нацыянальны аэрапорт "Мінск". Калі асамалёт набліжаўся да мяжы, украінскі дыспетчар запатрабаваў, каб ён вярнуўся назад у "Жуляны". У выпадку непадпарадкавання, па словах дыспетчара, у паветра можа быць узнятая баявая авіяцыя. Пасля вяртання з борта беларускага самалёта знялі грамадзяніна Арменні — вядомага антымайданаўца. Беларускі самалёт адправіўся ў Мінск.