Н. Куніцкая: Зрабіць крок ад клавішніцы гурта N. да паўнавартаснага музыкі
Як банкаўскаму супрацоўніку стаць прафесійным музыкам і самому зрабіць сабе альбом — майстар-клас ад Наталлі Куніцкай.
Вядомая ў музычнай тусоўцы як клавішніца гуртоў Clover Club, "Уліс", Taxi і іншых, Наталля Куніцкая не так даўно з'явілася перад слухачамі ў новым вобразе "электроннай прынцэсы" і запусціла свой сольны праект Mustelide.
Еўрарадыё: З чаго ўсё пачалося для цябе? Як даўно ты прыдумала гэты праект?
Наталля Куніцкая: Пачалося ўсё, напэўна, яшчэ ў дзяцінстве, калі мяне распірала ад усялякіх ідэй. Цяпер узгадваю, што нават класічныя творы спрабавала складаць — ледзь не сімфоніі. Потым так склаўся лёс, што на працягу 10 гадоў я грала ў розных гуртах. Грала на клавішах і па магчымасці дзесьці штосьці складала. Так сталі складвацца абставіны, што з'яўлялася ўсё больш і больш патрэбы рабіць нешта сваё.
У межах гурта я не магла рэалізоўваць усе свае ідэі. У мяне заўсёды было нейкае пэўнае бачанне, і хацелася ўсё даводзіць да лагічнага завяршэння цалкам самой. Гэта досыць складана, а я люблю сутыкацца ў жыцці са складанасцямі і выпрабоўваць сябе.
Еўрарадыё: З чаго пачаліся гэтыя выпрабаванні?
Наталля Куніцкая: У мяне ўжо назбіралася пэўная колькасць аўтарскай музыкі, але на той момант я яшчэ не ведала, як гэта ўжыць. Атрымалася так, што я прайшла адбор у унікальны моладзевы праект для музыкаў у Швецыі. У межах праекта трэба было ствараць музыку з музыкамі з розных краін. Былі створаныя імправізаваныя групы з 5 чалавек, і ў межах двух тыдняў нам трэба было стварыць нешта сваё.
У нашай групе я стварыла песню, якая мне вельмі спадабалася, і я адчула, што магу гэта рабіць і не баяцца. Па вяртанні я зразумела, што трэба больш часу аддаваць музыцы, і ў першую чаргу, сваёй музыцы. У Швецыі я суткі напралёт была акружаная музыкай, калі мы нешта складалі. І я зразумела, што так і павінна быць.
Я вырашыла звольніцца з працы, а працавала я ў банку. Знайшла альтэрнатыўны спосаб заробку, які б не перашкаджаў музыцы. І паставіла сабе мэту — стаць прафесійным музыкам, і навучыцца ўсё рабіць самастойна: запісваць, зводзіць. Па заканчэнні года я дамаглася гэтай мэты.
Еўрарадыё: Ці можаш даць нам пакрокавы майстар-клас на тэму "Як зрабіць сабе альбом"?
Наталля Куніцкая: Па-першае, трэба паставіць сабе мэту, і ні ў якім разе не думаць, што табе хтосьці нешта павінен. Для мяне гэта вельмі важны прынцып, разлічваць толькі на свае сілы і дзейнічаць так, як быццам толькі ты ў сябе ёсць. Таму што толькі сабе ты можаш цалкам давяраць.
Спачатку трэба не вельмі шмат абсталявання дома, каб паспрабаваць свае сілы ў плане саўнд-прадзюсавання і сачынення. На першы час дастаткова міды-клавіятуры, прадуктыўнага камп'ютара, добрай знешняй гукавой карты. Каб не марнаваць шмат грошай на студыйныя маніторы, дастаткова адразу купіць добрыя навушнікі з магчымасцю маніторынгу. Гэта мінімальны набор.
Важна глыбока вывучыць тэму — падручнікі, шэраг навучальных відэа, што вам больш падыходзіць. У маім выпадку гэта быў выдатны музыка, Уладзімір Патапенка, які з'яўляецца адзіным прафесійным выкладчыкам "Ableton" у Беларусі. "Ableton" — гэта гуказапісвальная праграма, у якой я працую і з дапамогай якой можна рабіць усё. Маё навучанне доўжылася тры месяцы.
Я старалася любы вольны час прысвячаць музыцы. Нават калі прыходзіла стомленай з працы, і не было сіл, усё адно садзілася і спрабавала нешта рабіць. Гэта былі першыя крокі.
Потым, калі я ўжо пачала разумець, што ў мяне атрымліваецца, я купіла сабе больш прафесійнае абсталяванне, студыйныя маніторы, а сінтэзатараў ў мяне дома было і так дастаткова! У мяне ёсць такі прынцып у запісе: я стараюся выкарыстоўваць як мага менш VST-плагінаў, гэта віртуальныя інструменты, таму што яны даюць больш плоскі сінтэтычны гук. Я стараюся ўсё пісаць з жывых сінтэзатараў — ўскладняю задачу. Сярод музыкаў гэта называецца "пісаць усё з жалеза". Складана даць нейкія рэкамендацыі з нагоды сачынення кампазіцыі, таму што я звычайна пішу песню ад пачатку да канца за адзін прысест. Ва ўсіх гэта адбываецца па-рознаму.
Падсумую: трэба навучыцца, мець абсталяванне і жаданне, не тармазіць і не чакаць, што хтосьці табе нешта павінен, а проста дзейнічаць.
Еўрарадыё: Твая першая спроба, альбом "Secret", апынулася паспяховай. Што ты можаш параіць тым, у каго ўсё не так гладка? Ты з некім раілася або ва ўсім кіравалася толькі ўласным густам?
Наталля Куніцкая: Безумоўна, вельмі важна, каб у такія ключавыя моманты цябе нехта падтрымаў. Побач са мной было некалькі маіх сяброў-музыкаў, густы якіх я вельмі паважаю. На самай справе, калі б у свой час не было такіх людзей, то я б, магчыма, і пабаялася што-небудзь рабіць. Вядома, гэта павінны быць людзі, якім ты давяраеш, а не якія з зайздрасці могуць сказаць табе нешта дрэннае.
А яшчэ не трэба думаць, што я ўсё гэта зрабіла за паўгода-год. Я доўга грала ў гуртах, доўга ішла да гэтага. Не варта думаць, што калі адразу не атрымалася, то трэба з гэтым заканчваць. Музыкам-пачаткоўцам, магчыма, варта спрабаваць рабіць і кавер-версіі на вядомыя кампазіцыі. Нядаўна я глядзела шыкоўны фільм пра Боба Марлі, і аказалася, што ў яго ўсё таксама пачалося з пераймальніцтва.
Еўрарадыё: Пасоўваннем альбома ты таксама цалкам займалася сама?
Наталля Куніцкая: Вядома, можна было б чакаць нейкіх мэнэджараў і прадзюсараў, на некага спадзявацца, як у нас многія прывыклі. Але я адразу зразумела, што гэта ілюзіі. Плюс, вопыт грання ў іншых камандах даў мне зразумець, што ні ад каго нічога не варта чакаць. Ды і ўсе бачаць рэчы пад сваім успрыманнем, і не заўсёды рэальна дамагчыся таго, што ты сабе прадставіў. Таму я імкнуся ўсе пытанні вывучаць сама і самастойна рабіць. Альбом быў цалкам зроблены мной ад і да, і яго прасоўванне таксама.
Тут хачу распавесці, што я кіруюся Законам Парэта — калі 20% дзеяння даюць 80% выніку. Ёсць 20% дзеянняў, ты іх выконваеш, і вялікая частка поспеху прыходзіць менавіта за кошт гэтых дзеянняў. Таму вельмі важна сесці і падумаць, якія дзеянні гэта павінны быць, і што дасць табе максімальны вынік.
Еўрарадыё: Як змянілася тваё жыццё з выхадам гэтай пласцінкі?
Наталля Куніцкая: Я выдыхнула (смяецца). Гэта такое прыемнае адчуванне пасля глабальнай эпохі ў тваім жыцці — 10 гадоў амбіцый і імкненняў. І вось нарэшце ў цябе ёсць нешта, чым ты можаш ганарыцца і казаць, што вось гэта цалкам маё, цалкам ўся я! Вядома, нешта магло быць нашмат лепш, але ўсё наперадзе! Я не спыняюся. Буду рабіць іншыя работы на прынцыпова новым узроўні. Мне вельмі хацелася зрабіць гэты крок і нарэшце пераступіць рысу паміж клавішніцай гурта N. і паўнавартасным музыкам.
Наталля Куніцкая — пераможца першага NEW GALAXY CITY MUSIC FEST
Еўрарадыё: Які фідбэк атрымліваеш цяпер?
Наталля Куніцкая: Усё падзяляецца на фідбэк ад СМІ і проста слухачоў. Гэта проста неверагодна, калі табе пішуць людзі, часам распавядаюць, што яны плакалі падчас праслухоўвання альбома. Я адчуваю, што нешта закранула ў іх — і гэта самае галоўнае.
Мне вельмі хацелася дастукацца да людзей на духоўным узроўні. З боку СМІ падалося, што альбом, можа, недзе абстрагаваны, месцамі наіўны — я і мая музыка. Акурат-такі, у мяне больш прысутнічае дыялог са слухачом. Я вельмі люблю размаўляць на простай мове пра складаныя рэчах. Мне здаецца, гэта вельмі банальна, выкарыстоўваць трагічныя мелодыі, напружаную міміку для таго, каб гаварыць пра сур'ёзнае. І альбом акурат пра вельмі складаныя рэчы, а не пра простыя, як маглі падумаць. Мне б хацелася, каб у кожнага слухача стваралася адчуванне, што гэта яго асабісты альбом.
Еўрарадыё: Тое, што ў гэтым альбоме далёка не ўсё на паверхні, стала зразумела ўжо з яго назвы — "Secret". Раскажы цяпер, што азначае назва праекта Mustelide?
Наталля Куніцкая: Па-першае, мне вельмі падабаецца маё прозвішча, дзякуй таце! І мне вельмі блізкія такія жывёлы як куніцы, я сапраўды адчуваю сваю блізкасць з імі. А яшчэ калі дадаць да Mustelide літару "а", то з лацінскай гэта будзе перакладацца, як сямейства куніцыных — Mustelidae. Нейкая адсылка ёсць і да гэтага. Але мне не хацелася рабіць ўсё такім адназначным, ды і не хацелася супадзенняў ў інтэрнэце! Я шукала унікальнае назву. Я вырашыла прыбраць гэтую літару "а", і назву цяпер можна інтэрпрэтаваць як "must elide", што ў перакладзе азначае "павінна быць утоена".
Еўрарадыё: Раскажы, як у тваю сольную кар'еру ўварваўся гурт "Серебряная свадьба"?
Наталля Куніцкая: Паўдзельнічаць у гурце мне прапанавалі адразу некалькі ўдзельнікаў "Серебряной свадьбы", пры гэтым, не змаўляючыся паміж сабой. Цяпер гурт змяняе саўнд і эксперыментуе з гучаннем, таму ў іх узнікла патрэба ў чалавеку, які мог бы гэтаму паспрыяць. Я вельмі паважаю гэты гурт, мне ён заўсёды падабаўся, і адмовіцца ад такой прапановы было б проста неразумна.
Еўрарадыё: У якой ролі ты з'явілася ў групе?
Наталля Куніцкая: "Серебряная свадьба" — вельмі дэмакратычны гурт, і акурат ад мяне чакаліся нейкія ідэі, як і ад кожнага ўдзельніка каманды. Наколькі я ведаю, ім спадабалася мая музыка для сольнага праекта, і яны вырашылі, што гэта можа вельмі добра спалучацца. Нядаўна быў мой першы тур па Германіі ў складзе гурта, і гэта быў першы досвед, калі я адыграла 10 канцэртаў запар. Я зразумела, што тур — гэта вельмі вялікая і напружаная праца, а не весялуха, як гэта можа здацца з боку. Вельмі выдатна і нечакана, што можна займацца музыкай круглыя суткі і гэтым зарабляць.
Еўрарадыё: Не магу не спытаць, што цяпер з гуртом Clover Club? Бо ледзь не ўсе удзельнікі каманды заявілі пра свае сольныя праекты.
Наталля Куніцкая: З Clover Club мы заўсёды вельмі трапётка ставіліся да слухача. У прыярытэце гурта ніколі не было нейкага камерцыйнага поспеху. Гэта значыць, мы разумелі, што калі каму-небудзь з удзельнікаў становіцца нецікава нешта рабіць у межах гурта, то гэта імгненна адбіваецца на шчырасці матэрыялу і канцэртаў. У нашым гурце акурат атрымалася так, што адразу ў некалькіх удзельнікаў гэтая цікавасць знікла. Гэта не тыя рэчы, якія можна кантраляваць — так адбываецца раптоўна і па розных прычынах. Але Clover Club — гэта наша агульнае дзіця, таму мы ні ў якім разе не хочам развітвацца з праектам. Афіцыйна гурт не распадаўся і ўжо тым больш не паміраў, але пакуль мы нічога не робім разам. Магчыма, калі-небудзь штосьці так складзецца ў жыцці, што мы зноў збярэмся.
Еўрарадыё: Які працяг ты бачыш для свайго сольнага праекта?
Наталля Куніцкая: Я пагружаная ў гэта з ног да галавы, кожны дзень. Калі ў мяне ёсць час, я люблю шмат імправізаваць. Плюс, пішу новы матэрыял і планую паказаць яго ў фармаце ЕР. Мне цікава ўсё зрабіць на прынцыпова новым узроўні — гэта тычыцца і матэрыялу, і падыходу да запісу. Можа, гэта будзе дрэнна, калі я пачну ўключаць мозг і яшчэ больш грунтоўна да гэтага падыходзіць, паглядзім. Хачу пашукаць магчымасці майстарынгу за мяжой.
Еўрарадыё: У якім накірунку ты рухаешся з новымі песнямі?
Наталля Куніцкая: Мне хочацца больш папрацаваць з гукам і паэксперыментаваць. Як усё будзе атрымлівацца, будзе бачна ў працэсе.
Еўрарадыё: Па настроі і стылістыцы гэта будзе вельмі адрознівацца ад матэрыялу для першага альбома?
Наталля Куніцкая: Тут складана запланаваць. Усё адно гэта буду я, як гэта было ў першым альбоме. Вядома, можа атрымацца так, што ў той час, калі я буду працаваць над гэтым рэлізам, я сама буду іншай, памяняюцца натхняючыя фактары. Таму чакаць можна чаго заўгодна!
Еўрарадыё: Ці плануеш ты запрасіць да сябе ў праект кагосьці яшчэ?
Наталля Куніцкая: Як мінімум, такое можа атрымацца ў рэжыме канцэртаў. Таму што я сутыкнулася з тым, што дастаткова складана адначасова граць на трох сінтэзатарах і спяваць. Ну, а ў плане складаць і запісваць — пакуль мне вельмі падабаецца працаваць адной. Проста клас!
Фота: Сяргей Рылакс, Караліна Палякова, часопіс "Большой" і з прыватнага архіва Наталлі Куніцкай.