На 15 сутак арыштавалі мужчыну, які пафарбаваў фасад дома ў колеры БЧБ-сцяга
![БЧБ-дом Анатоля Каханчыка](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/bchb-dom2011.jpg.webp?itok=CKMqq6vQ)
БЧБ-дом Анатоля Каханчыка
19 лістапада ў сваёй хаце ў Полацкім раёне быў затрыманы Анатоль Каханчык. Мужчына праславіўся на ўсю Беларусь, калі пафарбаваў фасад свайго дома ў колеры БЧБ-сцяга.
У той жа дзень суд пакараў Каханчыка 15-цю суткамі арышту па артыкуле 19.11 Адміністрацыйнага кодэкса — "Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць", піша тэлеграм-канал "Вясны". Што паслужыла канкрэтнай падставай для пакарання, невядома.
Раней невядомыя зафарбавалі карычневай фарбай чырвоныя палосы паміж вокнамі яго дома, а таксама герб "Пагоня" на акне.
Гэты тэрмін для Каханчыка не першы. Праз БЧБ на фасадзе дома ён ужо адседзеў 7 сутак і быў звольнены з працы. Да таго Анатоль Каханчык 38 год адпрацаваў на чыгунцы.
![На 15 суток арестовали мужчину, который выкрасил фасад дома в цвета БЧБ-флага](/sites/default/files/paragraphs/image/kohanchik2021.jpg)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.