На абаронцу Курапатаў пачалі крымінальную справу за "тэлефоннае мініраванне"

На абаронцу Курапатаў пачалі крымінальную справу за "тэлефоннае мініраванне"

На абаронцу Курапатаў Мікіту Найдзена пачалі крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку. Пра гэта ў сацсетках паведаміў кіраўнік грамадскай ініцыятывы "Альтэрнатыва" Алег Корбан.

Па звестках Корбана, 10 чэрвеня ў 22.45 Найдзен затэлефанаваў у рэстаран "Поедем поедим" і паведаміў, што ў ім закладзеная бомба. 

"Адразу ж наведвальнікі і афіцыянты — на вуліцу, праз 10 хв. сюды прыехалі сапёры, МЧС і хуткая дапамога. Усталявалі — паведамленне ілжывае. У 2 гадзіны ночы да Мікіты завітала міліцыя (яго асобу вылічылі больш-менш хутка) — 5 супрацоўнікаў, некаторыя былі ў бронекамізэльках. Затрымалі, агледзелі кватэру, павезлі ў РУУС, дзе адбыўся допыт. Пасля адвезлі ў ІЧУ, дзе яго ўтрымлівалі 3 сутак. Вызвалілі да судовага паседжання пад хатні арышт", — піша Корбан. 

Сярод іншых забаронаў Найдзену нельга наведваць месцы масавага збору людзей. Гэта значыць, у тым ліку, пікеты каля Курапатаў. 

Хлопец паведаміў Корбану, што ў міліцыі яго не білі, не катавалі, не ціснулі, але рэкамендавалі не ўдзельнічаць у акцыях у Курапатах, а пра свой выпадак нікому не распавядаць.

"Свой учынак Мікіта пракаментаваў нам як неабдуманы, у гэты час ён не думаў аб магчымай крымінальнай адказнасці, яго хвалявала толькі адна справа — хоць нечым дапамагчы ў закрыцці ганебнай рэстарацыі. Вядома, што ў час здзяйснення фатальнага тэлефанавання ён быў цвярозы", — дадае Корбан.
 
Мікіта Найдзен — актывіст “Альтэрнатывы”, яму 27 гадоў. Ён працуе штампоўшчыкам на Мінскім трактарным заводзе, жыве з маці.

Пратэсты супраць рэстарана каля Курапатаў цягнуцца ўжо трэці тыдзень. Абаронцы мемарыяла лічаць абразлівым размяшчэнне там забаўляльнага комплексу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі