На Альманскіх балотах працягваюць тушыць пажар
У Столінскім раёне на Альманскіх балотах працягваюць тушыць пажар, інфармуе прэс-служба МНС. Напярэдадні стала вядома, што ён ужо ахапіў тэрыторыю больш за 400 гектараў (у тым ліку 100 га лесу). У сераду былі задзейнічаны 42 адзінкі тэхнікі і 139 чалавек. Верталёты МНС Мі-8 здзейснілі амаль сотню скідаў вады. Адзначаецца, што ліквідацыі пажараў перашкаджаюць адсутнасць дарог і забалочаная мясцовасць.
За суткі ратавальнікі ліквідавалі 87 пажараў у экасістэмах, у тым ліку 27 у лясах. Апоўначы быў ліквідаваны пажар у Гродзенскім раёне каля мяжы з Літвой (з-за яго абмяжоўвалася праца пункту пропуску "Прывалкі"). Там задзейнічалі 70 адзінак тэхнікі і 346 чалавек.
На раніцу чацвярга ў Нараўлянскім раёне пажар ахапіў 40 гектараў. З агнём змагаюцца 29 адзінак тэхнікі і 112 чалавек.