На антываеннай акцыі ў Кракаве не дазволілі прысутнічаць беларусам з БЧБ-сцягамі
Беларусы на антываеннай акцыі ў Кракаве
24 лютага, у другую гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у Кракаве прайшла антываенная акцыя. Да яе далучыліся каля дзясятка беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі, але арганізатары забаранілі ім удзельнічаць з сімволікай, піша MOST.
Па словах удзельніка акцыі Яраслава, прэтэнзіі выказалі дыпламаты з генконсульства Украіны — яны выступалі арганізатарамі акцыі.
"Ніхто з удзельнікаў акцыі не быў супраць беларусаў, асабіста нам ніхто нічога не сказаў. А вось арганізатары — прадстаўнікі генеральнага консульства Украіны — падышлі і сказалі прыбраць беларускія сцягі. Нібыта не ўзгодненая загадзя сімволіка на акцыі забароненая. Падкрэслілі, што [забароненая] сімволіка Расеі і Беларусі, таксама іншых краін, якія падтрымліваюць агрэсію ва Украіне", — цытуе яго словы MOST.
Калі беларусы сталі даказваць, што пад гэтым сцягам за Украіну ваююць добраахвотнікі, арганізатары паклікалі паліцыю. "Вартавыя парадку патлумачылі, што калі гэта сцягі Беларусі, то, паводле заяўкі арганізатараў мітынгу, яны забароненыя на іх мерапрыемстве", — расказвае Яраслаў.
Паводле яго, на акцыі былі не толькі сцягі Украіны і Польшчы, але таксама ЗША, Казахстана ды іншых краін. Да іх арганізатары прэтэнзій не выказвалі.
"Вядома, нам было крыўдна. Мы ўсе падтрымліваем Украіну, і ўсюды прайшла інфармацыя аб гэтай акцыі і маршы. Бо беларусы Кракава з першага дня вайны прынялі самы актыўны ўдзел у дапамозе бежанцам і ў арганізацыі антываенных акцый у Кракаве. Больш за тое, украінскі консул таксама спачатку браў удзел у сумесных мерапрыемствах, але потым рэзка змяніў стаўленне да беларусаў", — канстатуе Яраслаў.
Аднак у той жа вечар украінскія актывісты запрасілі беларусаў на новы мітынг у цэнтры Кракава. Там ужо была шмат бел-чырвона-белых сцягоў, якія ніхто не забараняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.