У Польшчы абмяркоўваюць варыянты дапамогі беларускім спартоўцам-дысідэнтам
Беларуска Крытысціна Ціманоўская ў лютым заняла другое месца на чэмпіянаце ў Польшчы
У Польшчы пачала работу абноўленая Камісія Міністэрства спорту і турызму краіны па ўдзеле беларусаў у спартыўных спаборніцтвах, расказалі ў Аб'яднаным пераходным кабінеце. У склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства спорту, Нацыянальнага алімпійскага і Паралімпійскага камітэтаў Польшчы, а з беларускага боку — прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Плануецца, што камісія будзе збірацца раз на месяц.
На першым пасяджэнні абмяркоўваліся магчымасці допуску беларускіх лёгкаатлетаў і біятланістаў да адборачных спаборніцтваў Алімпійскіх гульняў 2024 і 2026 гадоў. Казалі таксама аб магчымым выдзяленні стыпендый Міністэрства і Алімпійскай салідарнасці — грошы патрэбныя для матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі беларускіх спартсменаў у трэніровачным працэсе.
Удзельнікі камісіі таксама абмеркавалі крокі, як выключыць магчымы ўдзел чыноўнікаў Лукашэнкі і праўладных спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах, найперш у Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы.
Аб гатоўнасці дапамагаць беларускім паралімпійцам, якія пацярпелі ад рэпрэсій, заявіў, у прыватнасці, старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Польшчы Лукаш Шэліга. Ён таксама сказаў, што мае намер прасунуць пытанне аб прыцягненні Аляксея Талая да адказнасці за ўдзел у ваенным злачынстве і нанясенні ўрону рэпутацыі Алімпійскага руху.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.