На Балі можа пачацца прымусовая эвакуацыя

На Балі можа пачацца прымусовая эвакуацыя

Людзей, якія жывуць каля вулкана Агунг на Балі і не паспелі пакінуць свае дамы, могуць эвакуяваць прымусова. Пра гэта, паводле інфармацыі Бі-Бі-Сі, заявілі інданезійскія ўлады.

У небяспечнай зоне застаюцца дзясяткі тысяч людзей, хаця было абвешчанае ​​"чырвонае папярэджанне" — яно азначае, што вывяржэнне вулкана немінуча пачнецца або ўжо адбываецца.

Аднак некаторыя мясцовыя жыхары вераць, што заставацца ў гэтай зоне бяспечна, іншыя баяцца пакінуць без нагляду свойскую жывёлу. Яны спасылаюцца на тое, што ў мінулае вывяржэнне, якое было 50 гадоў таму, іх дамы не пацярпелі.

Агулам у зоне, прылеглай да вулкана, пражываюць 100 тысяч чалавек. У панядзелак эвакуяваліся толькі 40 тысяч. Ёсць небяспека, што дамы мясцовых жыхароў могуць апынуцца пад патокамі гарачай лавы і распаленых камянёў. 

Тым часам з кратэра ў паветра ўздымаюцца клубы попелу, грукатанне і гудзенне можна пачуць на адлегласці 12 км. Геолаг Марк Тынгей з Адэлаідскага ўніверсітэта кажа, што актыўнасць Агунга перайшла ў новую фазу: свяцістая лава ўжо бачная на паверхні. Але складана спрагназаваць, калі менавіта пачнецца вывяржэнне.

Улады Інданезіі нясуць значныя матэрыяльныя страты. З-за масавай эвакуацыі эканоміка Балі ўжо не далічылася 100 млн долараў, якія прыносіць турызм.

На Балі зачынены аэрапорт, адмененыя 445 авіярэйсаў. Пакінуць выспу не могуць 59 тысяч турыстаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі