На Беларускім тэлебачанні абвясцілі кастынг экстрасэнсаў
Тэлеканал “Беларусь 2” шукае экстрасэнсаў для ўдзелу ў новым айчынным тэлепраекце. Для ўдзелу ў кастынгу запрашаюць людзей са здольнасцямі, якія не паддаюцца навуковаму тлумачэнню. Напрыклад, гэта могуць быць асобы са здольнасцю кіраваць прыроднымі з’явамі, электрычнымі імпульсамі, з уменнем счытваць інфармацыю ў момант дакранання.
У новым шоў “Хачу ў тэлевізар. Экстрасэнсы” кіраўніцтва “двойкі” абяцае паказаць магчымасці ўдзельнікаў без мантажу, дадатковых спецэфектаў і агучкі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на генеральнага дырэктара тэлеканала “Беларусь 2” Наталлю Марынаву.
Па ўсёй верагоднасці, новы праект стане аналагам вядомага шоў “Бітва экстрасэнсаў”, вельмі папулярнага ў Беларусі, Расіі і Украіне. Але цяпер на беларускім тэлебачанні спрабуюць зрабіць уласную перадачу такога кшталту.