На добраўпарадкаванне Курапатаў людзі пералічылі 3 тысячы долараў
На добраўпарадкаванне Курапатаў, месца масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій пад Мінскам, людзі пералічылі 3 тысячы долараў. Пра гэта ў інтэрв’ю Радыё Свабода паведаміў галоўны рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня” Павел Якубовіч. Ён кажа, што паступленні ідуць штодня з усёй краіны. “Сума, канешне, не ўражвае… Справа не ў суме, а ў тым, што многія людзі адгукнуліся. На жаль, калі высокімі словамі казаць, курапацкім болем да часткі грамадства дастукацца немагчыма. Не лічаць многія людзі гэта актуальным і вартым увагі”, — сказаў Якубовіч.
На творчы конкурс было даслана больш за 60 прапановаў, эскізаў мемарыяльнага знаку. І ён яшчэ працягваецца. Паводле слоў Паўла Якубовіча, “ёсць дастаткова арыгінальныя ідэі, але праз некаторы час трэба будзе збіраць творчае журы, якое нешта будзе адбіраць”.
Таксама Якубовіч паведаміў, што ідзе вызначэнне межаў у ахоўнай зоне Курапатаў. Улады вырашылі, што займацца гэтай праблемай будзе не Мінаблвыканкам, а Мінгарвыканкам. Рэдактар “СБ” лічыць, што гэта “пазітыўнае рашэнне і дзеянне”. “Ахоўныя зоны нівеліруюць усялякага кшталту рызыкі”, — адзначыў Павел Якубовіч. Паводле яго слоў, “ваколіцы Курапатаў перасталі быць ласым кавалкам для ўсялякіх забудоўшчыкаў”.