На "Камяніцы" Кірчук прэзентуе спектакль "Споведзь пад стрэхамі"

5 верасня ў межах фолк-фестывалю "Камяніца", які пройдзе ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам Іван Кірчук прэзентуе свой монаспектакль "Споведзь пад стрэхамі", які дазволіць дзецям і дарослым перанесціся ў мінулае і зазірнуць у побыт нашых продкаў.

У пастаноўцы лідар "Троіцы" скарыстае багаты інструментарый: ад традыцыйных масак да арыгінальнай батлейкі, ад рэальных музычных інструментаў (жалейкі, акарын, дудак, ліры, гусляў) да побытавых іх замяняльнікаў кшталту "падковафона" ды "чыгункоў". Спектакль створаны ім паводле матэрыялаў этнаграфічных экспедыцый і архіўных даследаванняў.

"Гэта этнаграфічная містэрыя, — лічыць Іван Кірчук. — Я пакажу тое, што калісьці адбывалася ў дамах, якія стаяць на тэрыторыі музея народнай архітэктуры і побыту. У іх стагоддзямі жылі людзі. Без тэлебачання, газет і радыё, без электрычнасці. Гэта было цяжкае жыццё, сяляне вельмі шмат працавалі, але яны таксама мелі свае радасці і забавы, пра якія большасць з нас цяпер нічога не ведае".

Працягласць монаспектакля "Споведзь пад стрэхамі" — 45 хвілін. Ён будзе паказаны тры разы за дзень у адным з будынкаў на тэрыторыі музея. Паралельна на фестывалі будуць працаваць дзве музычные сцэны і вялікі кірмаш нацыянальнай культуры.

Ужо вядома, што на галоўнай сцэне "Камяніцы 2015" выступяць Trad Attack! (Эстонія), Dzikie Jablka (Польшча), "Дримба Да Дзига" (Украіна), а таксама беларускія гурты "Стары Ольса", Vuraj, "Ягорава гара", "Альтанка" і Znich.

Кошт дарослага квітка — 100 тыс. руб., школьнікі да 12 гадоў — 50 тыс. руб. Дашкольнікі і наведвальнікі ў поўным варыянце нацыянальнага строю (ад галаўнога ўбора да абутку) праходзяць бясплатна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі