На "лініі Хрэніна" пад Гомелем плануюць пабудаваць вучэбную вайсковую базу
Умацаванні на "лініі Хрэніна" падчас вучэнняў у траўні 2023-га / "Спутнік"
На "лініі Хрэніна" (ад прозвішча міністра абароны РБ) каля вёскі Калініна ў Гомельскім раёне плануюць пабудаваць вучэбную вайсковую базу. На дзяржаўную закупку звярнуў увагу "Флагшток". Апублікаваныя дакументы не ўтрымліваюць кошту будаўніцтва і дэталяў адносна ведамаснай прыналежнасці аб'екта.
Пры гэтым у Гомельскім райвыканкаме нібыта не ведаюць пра планы будаўніцтва, а карта зямельнага кадастру Беларусі не ўтрымлівае участкаў для будаўніцтва базы ў раёне вёскі Калініна.
Пра характар будаўніцтва пад Гомелем падказаў іншы тэндэр. Каля населенага пункту Сакі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці таксама плануецца будаўніцтва падобнай базы. На гэтыя мэты выдаткавана каля 700 тысяч долараў. У чэрвені стала вядома, што якраз каля Сакаў пачалі будаваць "лінію Хрэніна". Там адбывалася інжынернае абсталяванне агнявых пазіцый: будаваліся сістэмы акопаў, траншэй і бліндажоў.
Мяркуецца, што на вучэбнай вайсковай базе пад Гомелем вайскоўцы будуць адпрацоўваць абарону і штурм умоўнага ўмацаванага раёна. У арміі РБ спрабуюць пераймаць досвед вайны ва Украіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.