На "Лістападзе" не пакажуць карціну Курэйчыка, затое ўпершыню — фільм жахаў

На "Лістападзе" не пакажуць карціну Курэйчыка, затое ўпершыню — фільм жахаў

3 лістапада ў Мінску стартуе дваццаць чацвёрты па ліку кінафестываль "Лістапад". У першы дзень продажаў была раскуплена тысяча квіткоў на фільмы, якія пакажуць у межах фэста. А самыя заядлыя кінаманы цяпер маюць магчымасць набыць абанементы на чатыры фестывальныя праграмы.

Праграмны дырэктар івента Ігар Сукманаў у жывым эфіры Еўрарадыё разважае пра асаблівасці сёлетняга фэста, прызнаецца, чаму не ўзяў у Нацыянальны конкурс фільм Андрэя Курэйчыка і ці будзе цікава на "Лістападзе" аматару пракатных фільмаў.

Што знойдзе на "Лістападзе" сярэднестатыстычны глядач, арыентаваны на пракатныя фільмы ў беларускіх кінатэатрах

 

Мы ніколі не ставілі мэтай арыентавацца на высакалобага інтэлектуальнага гледача. Наадварот, хочам паказаць, што кіно — гэта не толькі Галівуд, і не толькі поп-корн. Аднак Галівуда ў нас не будзе дакладна. Затое будзе кіно, якое мае дачыненне да жанраў. Упершыню ў гісторыі "Лістапада" пакажуць фільм жахаў — іранскую карціну "Зар" у межах начных паказаў. Таксама будзе эротыка, меладрамы і кіно з баявымі мастацтвамі. Толькі гэтыя жанры — перадусім аўтарскія выказванні. Мы арыентуемся на тое, што глядач будзе атрымліваць крыху пэўных ведаў пра жыццё, убачыць іншы погляд на рэчаіснасць і пачуе адказы на нязручныя пытанні.

 

Чаму фільм адкрыцця кінафестывалю — "Арытмія" Барыса Хлебнікава

 

Барыс Хлебнікаў — рэжысёр, якога адносяць да пакалення новых "ціхіх" рэжысёраў. "Арытмія" стала нечаканай для свету расійскай кінаіндустрыі, бо фільм прыцягнуў вялізную колькасць гледачоў. Карціна некалькі тыдняў таму выйшла ў Расіі і б'е ўсе рэкорды. Дамоўленасць, што гэтым фільмам мы будзем адкрываць кінафестываль, адбылася летам на "Кінатаўры". І я ганаруся тым, што расійскія прадзюсары дачакаліся "Лістапада", а не пусцілі стужку ў беларускі пракат раней.

 

"Лістапад" ці кіно посткамуністычнай прасторы

 

Мы практычна нічога не ведаем пра тое, што адбываецца ў Арменіі ці Азербайджане, не чулі пра майстроў кубінскага кіно. Затое ўсё ведаем пра Анджаліну Джалі і Харві Вайнштэйна. Таму місія "Лістапада" — захаваць высакародную традыцыю добрага кіно посткамуністычнай прасторы. На міжнароднай арэне менавіта краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, Цэнтральнай Азіі, далёкі Кітай і Куба — гэта модныя кінематаграфічныя тэрыторыі. Гэта заўсёды праблемныя тэрыторыі, таксама як наша. Такое кіно нам больш зразумелае чым карціны, прысвечаныя тэмам бежанцаў ці праблемам аддзялення Каталоніі ад Іспаніі.

 

Без чырвонай дарожкі, але са зместам

 

Ёсць памылковае ўяўленне, што кінафэст  — гэта заўсёды пер'е, зоркі, Ніколь Кідман, Брэд Піт, што гэта дарожка, якая імкнецца ў неба. Але нашы зоркі — гэта аўтары, гэта рэжысёры, якія робяць гэтую маленькую ўнутраную рэвалюцыю, якая змяняе нашу свядомасць і робіць нас больш дасведчанымі і цікаўнымі ў стаўленні да жыцця. Яны выбіваюць нас з прасторы спажыўцоў. Мы можам патраціць бюджэт фэста на прывоз Катрын Дэнёў ці Ізабэль Юпэр, якія памахаюць рукой на чырвонай дарожцы. Але ўсё ж мы выбіраем змест.

На "Лістападзе" не пакажуць карціну Курэйчыка, затое ўпершыню — фільм жахаў

 "Нацыянальны конкурс": небывалыя 90 заявак

 

Сапраўды, працэс пайшоў. Да таго, што адбываецца сёння ў нацыянальнай кінаіндустрыі, яшчэ нельга ставіцца з эйфарыяй і называць нейкай з'явай. У многім гэта штучныя працэсы, а можа нават адзіначасовыя. Але цягам апошніх гадоў назіраецца тэндэнцыя, што ў наша поле трапляюць аўтары, пра якіх мы раней нічога не ведалі. Гэта маладыя людзі не заўсёды з кінематаграфічнай адукацыяй. Але, дзякуючы спрашчэнню тэхнічных навінак, якія дазваляюць здымаць кіно на мабільныя камеры, з'яўляецца плеяда маладых кінематаграфістаў, якія спрабуюць асвойваць гэтую рэчаіснасць дзякуючы тэхнічным цацкам. І гэта не заўсёды забава, а сур'ёзныя і адэкватныя тэмы і рэжысёрскае бачанне. Гэта кажа, што беларускае кіно мае цяпер недурны патэнцыял.

 

Мы хацелі, каб фільмы адпавядалі статусу фестывальнага кіно. Гэта аўтарскія выказванні, у першую чаргу. Другое. Гэтыя карціны мусяць адлюстроўваць тэндэнцыі, якія важныя для нашага рэгіёна. Таму акцэнт быў зроблены на кінематограф маладых. На авансцэну выходзяць не столькі мацёрыя майстры, якія перакачавалі ў сферу забаўляльнага кінематографа ці серыяльнай вытворчасці, а фільмы з сацыяльнымі, грамадзянскімі і артыстычнымі якасцямі.

 

Упершыню ў конкурс "Маладосць на Маршы" ўключана беларуская карціна Юліі Шатун "Заўтра". Аўтарка невядомая, але фільм вельмі цікавы.

 

Апошняя карціна Андрэя Курэйчыка выйшла год таму, паспяхова прайшла ў беларускім пракаце і атрымала свой дывідэнд. З выхадам на міжнародную арэну трэба памятаць, што ёсць лакальныя гісторыі, якія цікавыя тут, але могуць мець шмат пытанняў там... Быў выбар, і не было неабходнасці браць тое, што ляжыць на паверхні. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі