На мяжы паміж Беларуссю і Расіяй адмянілі кантроль

Расійска-беларуская мяжа / Reuters
Расійска-беларуская мяжа / Reuters

На беларуска-расійскай мяжы раптам перасталі правяраць дакументы, звярнуў увагу рэсурс "Люстэрка". Кантроль, нагадаем, увялі ў маі гэтага года.

Удзельнікі чатаў, дзе збіраецца інфармацыя пра становішча на гэтым участку мяжы, пішуць, што ўвечары ў панядзелак дакументы на ўездзе ў Беларусь яшчэ правяралі, а раніцай у аўторак — ужо не.

"У панядзелак раніцай усё было, а ўначы ехаў са Смаленска, было абсалютна пуста", — піша адзін з удзельнікаў чата. Пра адсутнасць кантролю паведамляюць і з іншых кірункаў на беларуска-расійскай мяжы. "18 ліпеня каля 21.00 пры руху з Масквы ў Мінск на легкавіку, Чырвоная Горка: толькі бегла прагледзелі пашпарты на расійскім баку, далей — нічога", — піша ўдзельніца чата. Паводле яе, ніякага надгляду не было, з машыны выходзіць не прасілі. "Усё як да травеньскіх, толькі даволі вялікая чарга з фур у правых палосах", — адзначае жанчына.

Журналісты "Люстэрка" патэлефанавалі на гарачую лінію Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі. Там ім пацвердзілі, што на сённяшні дзень кантроль "пакуль знялі, а заўтра, можа, паставяць". Па адказ на пытанне пра прычыны такога рашэння прапанавалі звяртацца ва ўрад. 

Нагадаем, Беларусь увяла памежны кантроль на мяжы з Расіяй у маі. У ДПК тады казалі, што гэта часовая мера, звязаная з працэсам ратыфікацыі пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расіяй. У канцы траўня Расія ратыфікавала гэтае пагадненне, але кантроль застаўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі