"Кашмар! Такога раней не было" — людзі пра чэргі на мяжы РФ з РБ
Чарга на мяжы Расіі і Беларусі / @zamkadomby
У сацсетках з'явілася відэа чэргаў, якія ўтварыліся на расійска-беларускай мяжы. Голас за кадрам каментуе карцінку.
"Звярніце ўвагу, колькі фур стаіць паміж Беларуссю і Расіяй. Кашмар! Такога раней не было. Праязджалі ўсе са свістам. Што цяпер здарылася, народ?!" — кажа дзяўчына. Яна жыве ў Расіі. Па яе словах, у Мінск яна выбралася на выходныя. "Зараз паміж РФ і РБ паўнавартасны мытны кантроль. Правяраюць пашпарты праз кампутарную базу і фоткаюць", — прыводзіць словы дзяўчыны рэсурс "Беларусь за МКАДам".
Аўтар ролікаў з мяжы таксама настойліва раіць усім, хто збіраецца на машыне ў Беларусь, браць з сабой пледы, таму што невядома, колькі часу давядзецца правесці "ў чарзе пад наглядам людзей у балаклавах з аўтаматамі".
Нагадаем, пункты кантролю на мяжы з Расіяй з'явіліся 5 траўня. Спачатку памежнікі правяралі толькі тых, хто едзе ў Беларусь, а праз некалькі дзён пачалі правяраць усіх падарожнікаў. У тых, хто раней трапляў у поле зроку сілавікоў, патрабуюць разблакаваць тэлефон для догляду і часам затрымліваюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.