На мяжы з Літвой 100 чалавек у пешай чарзе (фота)

Кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка не памятае, каб на беларускай мяжы стаяла чарга з пешаходаў. “Відаць, чэргі, якія былі аўтамабільнымі, зрабіліся пешымі”, — каментуе ён.

Гэтую здагадку пацвярджае прэс-аташэ гурта “Ляпіс Трубяцкой” Зміцер Безкаравайны, які таксама апынуўся на Каменным Логу раніцай 29 лістапада:

“Я бачыў на мяжы дзяўчат, запытваўся ў іх. Яны адказалі, што шэсць гадзінаў адстаялі, пасля паставілі машыну і пайшлі пешкі. І гадзіну адстаялі на ўваход пешкі”.

Сам Зміцер абмінуў і аўтамабільную, і пешую чэргі, бо паехаў у Літву на аўтобусе. Менавіта гэта ён і раіць тым фанатам “Ляпісаў”, якія не хочуць згубіць некалькі гадзінаў у чарзе на ўезд у Літву:

“Аптымальна ехаць на аўтобусе, нават калі ён турыстычны. Беларускую мяжу прайшлі за паўгадзіны з уездам-выездам. Кантакты перавозчыкаў можна знайсці на сайце “Ляпісаў”.

Большасць пешаходаў на беларуска-літоўскай мяжы едзе менавіта на віленскі канцэрт "Ляпіса Трубяцкога". Адны разлічваюць на таксі, што адвязуць іх у Вільню з таго боку мяжы. Іншыя, прастаяўшы некалькі гадзінаў, кінулі машыны і спадзяюцца на аўтаспын.

Ужо 8 гадзінаў — з 3-й раніцы — стаіць у аўтамабільнай чарзе гурт “Drum Ecstasy”, які будзе разаграваць “Ляпісаў” на Siemens Arena.

“Мы б таксама з задавальненнем прайшлі мяжу пешкі, — распавядае Еўрарадыё лідар DE Філ Чмыр. — Але 110 кілаграмаў “жалеза” на плячах з сабой не пацягнеш! Увогуле, мы вельмі шкадуем, што не выехалі пазаўчора. Але на заўтрашні канцэрт усё ж спадзяемся паспець”.

Па словах музыкі, са з’яўленнем на мяжы пешаходаў аўтамабільная чарга стала рухацца павольней. Памежнікі апынуліся не гатовыя да наплыву людзей у пятніцу:

“Можна было прагназаваць вялікі пешаходны рух на суботу. А на пятніцу як яго спрагназаваць? Па сутнасці, гэта ж працоўны дзень!”, гаворыць прэс-сакратар Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка і выказвае меркаванне, што ў сувязі з віленскім самітам "Усходняга партнёрства", літоўскія памежнікі ўвялі павышаныя меры бяспекі, і працуюць павольней, чым звычайна. А тут яшчэ канцэрт "Ляпісаў"…

Нагадаем, 30 лістапада “Ляпіс Трубяцкой” прэзентуе на Siemens Arena ў Вільні новую, цалкам беларускамоўную праграму “Грай”. Арэна ўмяшчае 13 тысяч гледачоў. На канцэрце чакаецца шмат беларускай публікі: “Мінсктранс” вылучыў для паездак у Вільню 10 дадатковых аўтобусаў, а чыгунка дачапіла да цягнікоў дадатковыя вагоны. А калі даехаць да Вільні ўсё ж не атрымаецца, вы можаце паглядзець анлайн-трансляцыю канцэрта на сайце Еўрарадыё.

Звесткі з сайта Дзяржаўнага памежнага камітэта на 12:30.

Фота: Зміцер Безкаравайны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі