На парламенцкіх выбарах у Францыі перамогу атрымала партыя Макрона
Партыя прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона "Наперад!" абагнала сапернікаў на парламенцкіх выбарах, набраўшы 32,32% галасоў, перадае РБК са спасылкай на французскія СМІ. Гэта дазволіць партыі прыняць удзел у другім туры. У выніку "Наперад!" зможа атрымаць большасць у Нацыянальным сходзе — ад 400 да 440 месцаў з 577.
На другім месцы апынулася партыя "Рэспубліканцы" — 21,56% галасоў, на трэцім — альянс "Няскоранай Францыі" з Французскай камуністычнай партыяй (13,74%). Правы "Нацыянальны фронт" Марын Лё Пен атрымаў толькі 13,2%. Каб трапіць у другі тур выбараў, трэба атрымаць больш за 12,5% галасоў.
Дарэчы, сёлетнія парламенцкія выбары ў Францыі адбыліся з рэкордна нізкай яўкай — 48,71% выбарцаў.
Выбары ладзяцца па аднамандатнай мажарытарнай сістэме ў два туры. Другі тур галасавання пройдзе 18 чэрвеня.