На сайт BYSOL адбылася магутная кібератака — Стрыжак
На сайт BYSOL адбылася моцная кібератака, ілюстрацыйнае фота
Зранку 22 студзеня на сайт Фонду салідарнасці BYSOL адбылася магутная кібератака. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў сузаснавальнік арганізацыі Андрэй Стрыжак.
"Сёння раніцай мы перажылі самую магутную і прафесійную кібератаку. Спецыфіка атакі заключалася ў тым, што яна праводзілася на высокім тэхнічным узроўні і новымі метадамі, з якімі мы раней не сутыкаліся. Аднак атака была паспяхова адбітая", — заявіў Стрыжак. У каментарах ён дадаў, што атака адбывалася не на дамен, а на хостынг менавіта іх сайта.
Паводле Стрыжака, цяпер доступ да сайта можа быць часткова складаны і недаступны з некаторых рэгіёнаў. Але зроблена гэта "выключна для бяспекі карыстальнікаў", дадаў ён.
Стрыжак запэўнівае, што сайт, плацежная сістэма і сістэма захоўвання персанальных даных знаходзяцца пад абаронай і ў працоўным стане.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.