На Шаркаўшчыне ўшанавалі памяць жыхароў спаленых у вайну вёсак
Мерапрыемства адбылося перад Дзядамі.
У ім удзельнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, мясцовыя жыхары, у тым ліку тыя, якім удалося выжыць пад час той страшнай трагедыі.
Спачатку на месцы пахавання ахвяраў у вёсцы Шыці адбыўся жалобны мітынг, далей мерапрыемства працягнулася ў Доме культуры ў вёсцы Ёды. Як паведаміў праваслаўны святар, які прысутнічаў на мерапрыемстве, ахвяры пахаваныя якраз на тым месцы, дзе некалі стаяла праваслаўная царква. Зараз тут стаіць помнік, пабудаваны яшчэ ў савецкія часы.
У лістападзе 1942 года нямецкія акупанты пад час правядзення антыпартызанскай аперацыі “Нюрнберг” расстралялі i зажыва спалілі жыхароў 11 вёсак. Загінула каля 700 мірных жыхароў.