На скрадзеныя ў амерыканскіх банках грошы беларус адчыніў кавярню ў Гродне
Жыхар Беларусі некалькі гадоў краў грошы з амерыканскіх банкаў — з 2012-га па 2016-ы. Крымінальную справу супраць яго расследуе Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта, паведамляе прэс-служба ведамства.
Дзякуючы супрацы Следчага камітэта Беларусі і ФБР ЗША ўдалося выявіць, што да злачынства мае 28-гадовы гродзенец. Пры ператрусе ў яго дома праваахоўнікі забралі камп'ютарную тэхніку, носьбіты інфармацыі, абароненыя складанымі паролямі, а таксама грошы і дакументы.
Як паведамляе следства, мужчына краў грошы з замежных банкаў і пераводзіў іх на рахункі, зарэгістраваныя на падстаўных асоб. Потым мужчына абналічваў крадзеныя грошы.
Таксама следства выявіла, што гродзене купляў тавары і паслугі, выкарыстоўваючы рэквізіты чужых банкаўскіх плацежных картак.
Скрадзеныя грошы мужчына ўкладаў у біткоіны. Таксама ён на гэтыя грошы купіў аўтамабіль і адчыніў уласную кавярню.
Следчыя кажуць пра больш як 60 выяўленых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці мужчыны. На віртуальных кашальках гродзенца праваахоўнікі вывілі 94 біткоіны.
Мужчыну выставілі абвінавачванне ў крадзяжы з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі ў асабліва буйным памеры. Яго ўзялі пад варту.
Гродзенец прызнаў віну ў поўным аб'ёме. Падчас папярэдняга следства ён заключыў дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве, а таксама пастараўся кампенсаваць прычыненую шкоду і вярнуць незаконна атрыманы даход. Ён даў праваахоўнікам доступ да крыптакашалькоў, каб яны маглі вывесці біткоіны і накласці арышт на атрыманую суму — больш за 630 тысяч еўра ў эквіваленце. Таксама следчыя арыштавалі іншыя яго грошы, маёмасць і нерухомасць на агульную суму больш за 100 тысяч еўра.
Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.