На Тайвані выбралі прэзідэнта, праз якога можа пачацца вялікая вайна
Новы прэзідэнт Тайваня Лай Цындэ / Reuters
Новым прэзідэнтам Тайваня стаў лідар кіруючай Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі і віцэ-прэзідэнт непрызнанай краіны Лай Цындэ (Уільям Лай), паведамляе BBC. Апазіцыя, якая выступае за збліжэнне з Кітаем, ужо прызнала паражэнне на выбарах, якія прайшлі ў суботу. І хоць падлік галасоў яшчэ працягваецца, адрыў Цындэ — фаварыта гонкі — вельмі значны.
Новага кіраўніка Тайваня мацерыковы Кітай называе "сепаратыстам", паколькі ён выступае за поўную незалежнасць вострава і збліжэнне з ЗША. Цындэ лічыць сябе "прагматычным змагаром за тайваньскую незалежнасць", хаця ні раз заяўляў, што Тайвань — ужо суверэнная краіна. У інтэрв'ю Time ён казаў, што Тайвань спадзяецца на сяброўства з Кітаем. Маўляў, будзем рады бачыць на востраве Сі Цзіньпіна і прыгатуем для яго тайваньскія дэлікатэсы.
За выбарамі на Тайвані сочыць увесь свет, паколькі Пекін збіраецца аб'явіць вайну, калі тайванцы заявяць аб сваёй незалежнасці ад Кітая. У апошнія дні кітайскія ўзброеныя сілы ўзмацнілі прысутнасць вакол вострава.
ЗША ў сваю чаргу, заявілі, што заступяцца за 24-мільённую выспу, калі 1,5-мільярдны мацерыковы Кітай нападзе на яе. Гэта значыць, рэгіянальны канфлікт можа перарасці ў глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая — двух найбуйнейшых эканамічных і вайсковых дзяржаў планеты.
BBC піша, што калі Тайвань апынецца ў блакадзе ці пад кітайскімі бомбамі, ва ўсім свеце спыніцца вытворчасць мабільных тэлефонаў, аўтамабіляў і электронікі, паколькі на востраве выпускаецца 60% усіх мікрапрацэсараў і 90% прасунутых чыпаў. Пацерпіць і кітайская эканоміка. Магутны крызіс закране ўвесь астатні свет.
Эканамісты Bloomberg ацанілі патэнцыйную шкоду ад канфлікту Кітая з Тайванем у астранамічную суму 10 трлн долараў, ці 10% усёй сусветнай эканомікі. І гэта больш урону, чым ад сусветнага фінансавага крызісу, пандэміі каранавіруса і вайны Расіі і Украіны. Ад такога крызісу свет будзе прыходзіць у прытомнасць дзесяцігоддзямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.