У Беларусь прыедзе чалавек, якога называюць "правай рукой" Сі Цзіньпіна
Лі Цян
Прэм'ер-міністр Дзяржаўнага савета Кітая Лі Цян прыедзе ў Беларусь на гэтым тыдні, паведамляе кітайскі навінавы тэлеканал CGTN.
Спярша кітайскі чыноўнік наведае Расію, каб старшыняваць у рэгулярнай сустрэчы кіраўнікоў урадаў дзвюх краін. А адтуль скіруецца ў Беларусь, паведамляе МЗС КНР.
У Беларусі ён правядзе перамовы па пытаннях кітайска-беларускіх адносін і супрацоўніцтва ў розных галінах, сказалі ў МЗС КНР.
Мінулым разам высокі кітайскі чыноўнік прыязджаў у Беларусь роўна год таму — гэта быў экс-міністр абароны краіны Лі Шанфу.
У пачатку лета перамовы з Кітаем вёў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які пабываў у Пекіне з афіцыйным візітам і сустрэўся са старшынёй кампартыі КНР Сі Цзіньпінам. Сярод іншага на сустрэчы абмяркоўваўся крызіс на беларуска-польскай мяжы. Польшча разглядала магчымасць цалкам закрыць мяжу з Беларуссю, і Кітай мог бы стаць пацярпелым ад гэтага рашэння бокам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.