На Віцебшчыне ратуюць бусляня, якое пакусалі пчолы
Рой дзікіх пчол напаў на гняздо буслоў у вёсцы Гліннае, што на Віцебшчыне. Каб выратаваць птушак, мясцовыя жыхары вадой адганялі пчол, але самае маленькае бусляня пчолы пакусалі вельмі моцна. У яго амаль няма аднаго вока і пашкоджана крыло.
Жыхары Гліннага расказалі Еўрарадыё, што птушкі гняздзіліся на слупе электраліній не першы год. Цяпер бусляня, якое пакусалі пчолы, падкормліваюць вяскоўцы.
“З дапамогай кёрхера вадой збівалі пчол, — кажуць жыхары вёскі ў Докшыцкім раёне. — Адно бусляня пацярпела. Ходзіць цяпер па дварах. Хворае вока ў яго, крыло падбітае, лётаць не можа. Прыходзіла і да нас. Але ў ежы переборлівае: батонам спрабавалі карміць — дык не. А вось сусед рыбай карміў, дык еў”.
Вяскоўцы занепакоеныя далейшым лёсам птушкі. Лётаць бусел не можа, таму зімаваць, хутчэй за ўсё, яму прыйдзецца ў Беларусі. Каб расказаць пра птушку, якой трэба дапамога, Еўрарадыё звярнулася ў Докшыцкую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, але слухаўку там ніхто не падняў. Потым мы патэлефанавалі ў Бярэзінскі сельсавет і расказалі пра пацярпелае бусляня. Там Еўрарадыё паабяцалі разабрацца ў сітуацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.