На Віцебшчыне затрымалі 4 тоны каляровага металу, які спрабавалі вывезці ў РФ
Мікрааўтобус спынілі на аўтадарозе ў Аршанскім раёне
У Аршанскім раёне на Віцебшчыне міліцыянеры затрымалі 4 тоны каляровага металу, які спрабавалі вывезці ў РФ. Груз знайшлі ў мікрааўтобусе 29-гадовага жыхара Оршы. Яго спынілі на аўтадарозе а 4-й гадзіне раніцы.
Груз забралі і ацанілі на суму больш за 14 тысяч рублёў (4,4 тысячы долараў). Дакументаў на яго вываз у мужчыны не было. Паводле яго слоў, ён спадзяваўся прадаць каляровы метал у Расіі "па больш выгаднай цане". Высветлілася, што жыхар Оршы набываў метал не толькі ў гараджан, але і ў жыхароў Аршанскага і Дубровенскага раёнаў. Сабранае захоўваў на сваім лецішчы пад Дуброўна.
На парушальніка склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за "незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.