На вызваленне Цімашэнкі ў Кіева ёсць час да абеду 13 лістапада

Ва Украіне актыўна рыхтуюцца да падпісання дамовы аб асацыяцыі з ЕС.  Сацыёлагі праводзяць адпаведныя апытанні насельніцтва, а юрысты гэтую еўрапейскую дамову вывучаюць.

Дык вось, паводле звестак GfK Ukraine звыш 45% украінцаў падтрымліваюць падпісанне пагаднення з ЕС. А паводле слоў міністра юстыцыі Украіны Алены Лукаш, іх эксперты не толькі не знайшлі ў гэтай дамове ніякіх супярэчнасцяў украінскай Канстытуцыі, але і выявілі, што яна не абмяжоўвае права Украіны на ўдзел у, да прыкладу, Мытным саюзе.

Праўда, ёсць тое, што “абмяжоўвае права Украіны” на падпісанне самой дамовы аб асацыяцыі з ЕС — былы прэм’ер-міністр Юлія Цімашэнка да гэтага часу застаецца за кратамі. І нават дапамога адмысловых прадстаўнікоў Еўрапарламенту Аляксандра Квасьнеўскага і Пэта Кокса не зрушыла справу.

“Місія спрабавала дапамагчы знайсці юрыдычнае выйсце з гэтай сітуацыі, — распавядае Еўрарадыё супрацоўнік Прадстаўніцтва Еўрасаюза ва Украіне Давід Стулік. — Яны мелі шмат сустрэч як з самой спадарыняй Юліяй Цімашенкай, так і з прэзідэнтам Украіны спадаром Януковічам, сустракаліся з адвакатамі, прадстаўнікамі апазіцыі, грамадскімі арганізацыямі. І ўсё, каб дапамагчы выйсці з сітуацыі, якая склалася вакол экс-прэм’ера Юліі Цімашэнкі”.

Ужо 13 лістапада іх місія завяршаецца і прадстаўнікі Еўрапарламента адразу выпраўляюцца ў Брусэль. Дзе ў гэты ж дзень прадставяць сваю справаздачу на Канферэнцыі прэзідэнтаў Еўрапарламента. І калі да іх вылету з Кіева Юлія Цімашэнка не выйдзе на свабоду, то зразумела, якой будзе тая справаздача.

Праўда, гэта не азначае, што ў такім выпадку крыж на дамове аб асацыяцыі Украіны з ЕС будзе пастаўлены ўжо заўтра ў Еўрапарламенце, удакладняе Давід Стулік.

Давід Стулік: “Пытанне падпісваць ці не падпісваць гэтую Дамову будзе прадметам размовы міністраў замежных спраў краін ЕС, якая адбудзецца ў панядзелак, 18 лістапада. І там будзе прынятае рашэнне наконт таго, ці можна будзе падпісаць тую Дамову, калі галоўнае патрабаванне ЕС (наконт вызвалення Юліі Цімашэнкі. — заўв. Еўрарадыё) застанецца не выкананым”.

Вядома, што Дамова аб асацыяцыі можа быць падпісаная толькі ў тым выпадку, калі ніводная з 28 краін Еўрасаюза не выступіць супраць. А ўжо была агучаная інфармацыя, што Германія, Данія і Нідэрланды такой згоды Украіне не дадуць без вызвалення Юліі Цімашэнкі.

Праўда, дадае былы старэйшы кансультант групы памочнікаў і рэферэнтаў прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, былы намеснік міністра замежных спраў Украіны палітолаг Валерый Чалы, адзін шанец на вырашэнне сітуацыі ва Украіны застаецца.

Валерый Чалы: “Заўтра плануецца пазачарговае пасяджэнне Вярхоўнай рады — пачнецца яно а 10-й гадзіне па Кіеве. Там будуць прысутнічаць, я так разумею, і Кокс з Квасьнеўскім. Зараз у Радзе засядае адмысловая працоўная група, законапраект спецыяльны рыхтуецца… Карацей, заўтра — важны дзень, пасля якога ўжо можна будзе пра нешта казаць і нешта прагназаваць”.

Нагадаю, дэпутаты ўкраінскага парламента спрабуюць прыняць закон, у адпаведнасці з якім пэўная катэгорыя вязняў мела б права на лекаванне за мяжой. Адначасова сітуацыю ўскладняе тое, што 12 лістапада Генпракуратура пачала “праводзіць следчыя дзеянні” ў дачыненні да абаронцы Юліі Цімашэнкі, экс-дэпутата парламента Сяргея Уласенкі. І ў гэты ж дзень прадстаўнік МЗС Украіны Яўген Перайбійніс выказаў спадзяванне, што ЕС “прадэманструе комплексны падыход да ацэнкі стану гатоўнасці Украіны” (да падпісання дамовы аб асацыяцыі з ЕС). Іншая справа, што ў ЕС не ўсе гатовыя не звяртаць увагі на дэталі.

Дарэчы, паводле падлікаў экспертаў, падпісанне Дамовы аб асацыяцыі з ЕС будзе даваць Украіне штогод 450 мільёнаў еўра “эканамічнага эфекту” — ад скасавання мытных пошлін.

Фота: www.dw.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі