Нацбанк: Ёсць высокая верагоднасць атрымаць новы крэдыт ад МВФ
Існуе высокая верагоднасць заключэння сёлета новага пагаднення паміж Беларуссю і Міжнародным валютным фондам. Такая праграма будзе разлічаная на тры гады і падмацуецца крэдытам. Пра гэта 18 лістапада заявіў журналістам намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Дзмітрый Калечыц, інфармуе БЕЛТА.
“Мы ацэньваем, што верагоднасць высокая, і зацікаўленыя ў тым, каб дамовіцца пра новую праграму. Рэчаў, якія не могуць быць узгодненымі, няма”, — адзначыў ён.
Нагадаем, што напярэдадні кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам. Лукашэнка сказаў, што азнаёміўся з прапановамі фонду па перспектывах адносінаў з Беларуссю і па асноўных момантах будучай праграмы. Ён лічыць, што прапановы МВФ заснаваныя на абсалютна аб'ектыўных законах эканомікі і ніводзін пункт не выклікаў у яго “ніякай алергіі”.
Фота: БЕЛТА