Нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт адмяніў платныя пераздачы экзаменаў
Адміністрацыя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта адмяніла платныя пераздачы экзаменаў, курсавых і залікаў. Гэта Еўрарадыё пацвердзілі ў Прафкаме студэнтаў гэтай ВНУ.
Супрацоўніца прафкаму: "Цяпер у краіне цяжкае эканамічнае становішча. Заробкі ніхто не павышае. Платныя пераздачы будуць яшчэ адной нагрузкай на студэнтаў. Стыпендыя невялікая".
Раней пераздаць залік у БНТУ каштавала каля 20 тысяч, іспыт — каля 30 тысяч. Плату за пераздачы адмянілі з 1 студзеня гэтага году. А ў БДУ плату за пераздачы з гэтага году толькі ўвялі. Гэта выклікала незадаволенасць студэнтаў, якая вылілася ў вулічны Марш з патрабаваннем рэальнага самакіравання. Акцыя сабрала некалькі дзясяткаў студэнтаў. У трох з удзельнікаў пасля ўзніклі праблемы на сесіі, студэнт Глеб Вайкуль — пад пагрозай адлічэння з БДУ.