Намінанты на “Дэбют года”: Clover Club, Sang Sattawood і "Людзі на балоце"
Разам з лепшымі дэбютантамі мы называем пераможцу конкурсу, які 1 лютага бясплатна пойдзе на фэст “Даём рады”.
Еўрарадыё раскрывае сакрэтны шорт-ліст самай шматабяцальнай намінацыі "Дэбют года". Сярод усіх беларусаў, якія ў 2012 годзе аб’ядналіся для сумесных заняткаў музыкай, мы вылучылі (та-дам!) гурты Clover Club, Sang Sattawood і "Людзі на балоце".
Менавіта яны працягваюць барацьбу за ўсеагульную павагу і ўзнагароду ад Еўрарадыё! Пераможца будзе абвешчаны 1 лютага падчас фэсту “Даём рады”.
Усе тры гурты дакладна не назваў ніводны з удзельнікаў конкурсу, які мы абвясцілі напярэдадні. А два з трох першым адгадаў наш слухач Віктар Контар. Менавіта ён пойдзе на фестываль “Даём рады” паглядзець, як Еўрарадыё падводзіць музычныя вынікі-2012 бясплатна.
Наступны (і апошні) розыгрыш квіткоў на “Даём рады” стартуе неўзабаве. Сачыце за абнаўленнямі на нашай музычнай старонцы!