Напад на абаронцаў Курапатаў, іх збівалі невядомыя ў масках

Напад на абаронцаў Курапатаў, іх збівалі невядомыя ў масках

Паміж 3-й і 4-й гадзінамі ночы 23 лютага на абаронцаў Курапатаў напалі каля двух дзясяткаў невядомых у масках. Як інфармуе прэс-служба Руху "За Свабоду", яны крычалі "Белая раса!", паклалі людзей на зямлю і збівалі іх, разбурылі намёт, сарвалі бел-чырвона-белыя сцягі і перакулілі бочку з вогнішчам. Пасля гэтага невядомыя збеглі. На момант нападу ў лагеры было каля дзясятка чалавек.

Радыё Свабода дадае, што 15-20 нападнікаў крычалі і "Слава Расіі!", яны мелі завостраныя драўляныя палкі. Валанцёру Алесю Кіркевічу драўлянай бітай разбілі галаву (на здымку). Адзначаецца, што напад адбываўся каля хвіліны. Невядомыя ў масках збеглі ў бок урочышча Курапаты.

Актывісты называюць здарэнне спланаванай правакацыяй. Яны адзначаюць, што за гадзіну да яе сышоў міліцыянер, які назіраў за абаронцамі.

Уначы на месца прыехалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідар зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч. У лагеры абаронцаў сабралося каля 20 чалавек, яны абмяркоўвалі далейшы план дзеянняў. На месца яны выклікалі міліцыю.

Як паведамляла Еўрарадыё, якраз на сёння прадстаўнікоў фірмы "Белрэканструкцыя", якая ўзводзіць бізнэс-цэнтр каля Курапатаў, запрасілі на размову ў адміністрацыю Савецкага раёна. Забудоўшчыка папрасілі часова прыпыніць усе працы на пляцоўцы. Каля яе ўжо чацвёрты дзень адбываецца кругласутачная акцыя пратэсту. Грамадскія актывісты спрабуюць перашкодзіць будаваць бізнэс-цэнтр на месцы, не так даўно выведзеным з ахоўнай зоны мемарыялу. У Курапатах пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Напад на абаронцаў Курапатаў, іх збівалі невядомыя ў масках
Фота: pyx.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі