Напружанне пададзена ва ўсе вёскі — Мінэнерга. Але святло з'явілася не ва ўсіх
Аднаўленчыя працы ідуць і ноччу
Напружанне пададзена ва ўсе населеныя пункты Гомельскай вобласці, паведамілі ўначы ў Міністэрстве энергетыкі. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў да раніцы пятніцы завяршыць усе работы па падключэнні насельніцтва да электрасілкавання, у тым ліку ў самых аддаленых населеных пунктах. "Да раніцы ўсе праблемы, асабліва для насельніцтва, павінны быць зняты", — цытавала ўчора Лукашэнку яго прэс-служба.
У гадзіну ночы міністэрства энергетыкі адрапартавала, што задача вырашана, у тым ліку за кошт дызель-генератарных установак. Акрамя таго, адноўлена работа 51 сістэмаўтваральнай лініі электраперадачы, 90 сістэмаўтваральных электрычных падстанцый і больш за 5 тысяч трансфарматарных падстанцый. Цяпер, адзначылі ў Мінэнерга, прадаўжаюцца работы па індывідуальных заяўках спажыўцоў.
Тым часам раніцай у чатах Мазыра працягваецца пераклічка жыхароў вёсак, дзе людзі застаюцца без святла.
"Толькі два генератары даюць электрычнасць. Адзін дае напружанне на свідравіны (вёска з вадой). Другі — некалькі дамоў, садок, школа, ФАП. Астатняя вёска без электрычнасці", — піша жыхар вёскі Махновічы. У аграгарадку Скрыгалаў няма святла з нядзелі. Генератар забяспечвае толькі паўвёскі. Людзі, якія жывуць у другой палове, па-ранейшаму без электрычнасці. "Прадукты выкінуты, мы разумеем, што вядуцца работы, але чаму той генератар не перагнаць і даць хоць крыху святла другой палове вёскі", — піша мясцовы жыхар. Аб адсутнасці святла паведамляюць жыхары і шэрагу іншых вёсак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.