Наша галоўная мэта — цалкам пазбавіць Беларусь ад уплыву Расіі — Ціханоўская
"Наступствы гэтага будуць гадамі разграбаць беларусы" / Ілюстрацыйнае фота ТАСС
Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам пра размяшчэнне ў нашай краіне расійскай ядзернай зброі. Палітык падкрэслівае, што гэтая зброя зробіць яшчэ большым кантроль РФ над Беларуссю.
"Гэтую зброю складана будзе вывесці, яна можа стаць прадметам гандлю і агрэсіі з боку Расіі, — гаворыць Ціханоўская. — А наступствы гэтага будуць гадамі разграбаць беларусы. Таму мы з вамі павінны зрабіць усё, каб сарваць планы Пуціна і Лукашэнкі па размяшчэнні ядзернай зброі з Беларусі. Наша галоўная мэта — цалкам пазбавіць Беларусь ад расійскага ўплыву".
Святлана Ціханоўская адзначае, што беларускія дэмакратычныя сілы працуюць з міжнароднай супольнасцю "над стратэгіяй дзеянняў" у такой сітуацыі. Яна заклікае беларусаў не быць абыякавымі і дадае: "Ад нашых дзеянняў залежыць, што будзе з Беларуссю і ці змогуць там жыць нашы дзеці".
Пра тое, што ў Беларусі плануецца размясціць расійскую тактычную ядзерную зброю, 25 сакавіка заявіў Уладзімір Пуцін. Паводле яго слоў, будаўніцтва спецсховішча меркавалі скончыць да 1 ліпеня 2023 года. 25 траўня ў Мінску міністр абароны РБ Віктар Хрэнін і міністр абароны РФ Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак утрымання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецсховішчы на тэрыторыі Беларусі. У чацвер, знаходзячыся ў Маскве, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ўжо "пачалося перамяшчэнне ядзерных боепрыпасаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.