Настаўніцу хлопчыка, які тануў у Свіслачы, звальняюць

Настаўніцу хлопчыка, які тануў у Свіслачы, звальняюць

У 151-й школе Мінска звальняюць першую настаўніцу дзевяцігадовага Антона, які тануў у Свіслачы. Таксама са школы сыдзе сацыяльны педагог, а псіхолагу вынеслі заўвагу. 

Тым часам бацькі 3 "Г" класа 151-й школы заступаюцца за настаўніка і просяць пакінуць яе на працы, піша tut.by.

Самое здарэнне, як паведамлялася раней, адбылося 28 кастрычніка. Дзевяцігадовы школьнік тануў у Свіслачы, яго выратаваў вучань каледжа. Пасля праверкі міліцыі выявілася, што сям'я школьніка знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Антона ў лякарні наведаў кіраўнік Мінска Андрэй Шорац. 15 лістапада дзіця выпісалі, ён вярнуўся дадому, яго бацькам будуць "дапамагаць выправіцца".

А настаўніцу хлопчыка абвінавацілі ў сітуацыі з хлопчыкам і звальняюць, як кажуць бацькі школьнікаў з 3 "Г". Людміла Адамаўна працавала ў СШ №151 больш за дзесяць гадоў. Цяперашні 3 "Г" яна вядзе з першага класа. З пятніцы настаўніца знаходзіцца ў трохдзённым адпачынку, 22 лістапада яе звольняць.

Маці адной з вучаніц 3 "Г" Надзея Гуновіч распавяла журналістам пра сітуацыю з настаўніцай: "Падчас разгляду па гэтай гісторыі яе куды толькі ні выклікалі. Потым дырэктар школы нам сказала, што Людміла Адамаўна сама напісала заяву аб звальненні. Можа і так, але мы лічым, што яе да гэтага падштурхнулі. Яшчэ ў сераду быў бацькоўскі сход, на якім мы падрабязна абмяркоўвалі планы на Новы год, а ў пятніцу настаўніца ўжо не прыйшла! Дзеці сярод навучальнага года засталіся без класнага кіраўніка!"

Марына Шэвель, яшчэ адна маці з 3 "Г", дадае, што здарэнне з хлопчыкам адбылося ў выхадны дзень на вакацыях: "Чаму вінаваты настаўнік? Мы так разумеем: шукаюць крайняга — кагосьці ж трэба пакараць".

Дырэктарка школы Алена Быкоўская кажа, што настаўніца напісала заяву на звальненне яшчэ 2 лістапада па пагадненні бакоў. Па словах дырэктаркі, настаўніца 3 "Г" класа, сацыяльны педагог і псіхолаг парушылі пункт 21 дэкрэта прэзідэнта №18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбайных сем'ях". У ім гаворыцца, што настаўнікі нясуць адказнасць, аж да звальнення, калі ведаюць, але не паведамляюць, што бацькі дрэнна выхоўваюць дзяцей.

"У гэтай сям'і гісторыя вядзецца яшчэ з 2011 года. Калі сталі падымаць дакументы, то зразумелі, што ёсць парушэнні. Настаўнік, набіраючы дзяцей у першы клас, павінен ведаць, якая ў іх жыллёва-бытавая сітуацыя, якія ўмовы пражывання і выхавання. А потым ведаць, што памянялася. А тут была маса усялякіх недахопаў. Школа прыйшла да высновы, што работнікі дзейнічалі раз'яднана. Калі б мы улічвалі рэчы, пра якія мы не ведалі пры апошнім кантролі сям'і, можа быць, усяго гэтага б і не здарылася", — тлумачыць сваю пазіцыю дырэктарка школы.

Бацькі 3 "Г" класа напісалі ліст у абарону класнага кіраўніка ва ўпраўленне адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна і ў саму школу. Туды ж яны накіравалі і свае падзякі настаўніцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі