Нават СААЗ не ведае, колькі ў Беларусі пацверджаных COVID-19
Каранавірус у свеце / Reuters
Мінздароўя Беларусі з пятніцы не публікавала агульнай колькасці выяўленых выпадкаў каранавіруса ў Беларусі. Апошні раз такая інфармацыя была агучана на прэс-брыфінгу 17 красавіка, калі міністр Каранік абвясціў пра рэкордны за ўвесь час прырост COVID-19 — 575 за суткі. У той дзень Беларусь ушчыльную наблізілася да парога ў пяць тысяч зарэгістраваных выпадкаў. Яшчэ праз два дні, нават нягледзячы на хітрыкі чыноўнікаў, стала можна дакладна сказаць, што гэты парог пройдзены.
18 і 19 красавіка Мінздароўя паведамляла не колькасць пацверджаных выпадкаў, а колькасць шпіталізаваных.
Між тым у Беларусі частка пацыентаў, у якіх захворванне праходзіць у лёгкай форме, лечацца дома. Іх колькасці Міністэрства аховы здароўя не паведамляе.
З штодзённых справаздач СААЗ пра сітуацыю з каранавірусам у свеце становіцца ясна, што ў міжнароднай арганізацыі таксама не атрымліваюць дакладнай інфармацыі пра новыя выпадкі ў Беларусі. У рэлізе ад 19 красавіка пазначана, што новая інфармацыя ад Мінздароўя не прыходзіла ўжо суткі. А агульная колькасць выяўленых выпадкаў там дагэтуль 4779 — гэтая лічба была актуальная 17 красавіка.
У рэгіянальным офісе СААЗ расказалі Еўрарадыё, што належнае інфармаванне і эфектыўнае ўзаемадзеянне з насельніцтвам — адна з найбольш важных мер у адказ на распаўсюджванне COVID-19:
"У тэхнічнай інструкцыі СААЗ па пытаннях камунікацыі ва ўмовах эпідэміі COVID-19 падкрэсліваецца, што адкрытае, рэгулярнае і актыўнае інфармаванне насельніцтва і асоб з груп рызыкі і ўзаемадзеянне з імі дапамагаюць ліквідаваць блытаніну і пазбегнуць непаразуменняў, дазваляюць звесці да мінімуму чуткі і недастатковае разуменне, якія падрываюць эфектыўнасць дзеянняў у адказ і могуць прывесці да далейшага распаўсюджвання хваробы".
Сярод іншага ў гэтым дакуменце рэкамендуецца падаваць інфармацыю насельніцтву на рэгулярнай аснове, у ідэале кожны дзень у адзін і той жа час. Важна, каб інфармацыя, якая падаецца, змяшчала дакладныя і зразумелыя звесткі пра новыя выпадкі і смяротныя канцы. Таксама можа падавацца дадатковая інфармацыя, як, напрыклад, звесткі па захваральнасці і смяротнасці па рэгіёнах і полаўзроставай структуры, колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца ў крытычным стане.
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў падкрэсліў, што па патрабаванні міжнародных медыка-санітарных правілаў кожная краіна абавязаная на працягу 24 гадзін інфармаваць СААЗ пра колькасць новых выпадкаў захворвання і памерлых, а таксама пра агульную колькасць выпадкаў COVID-19 і смяротных канцоў з пачатку эпідэміі:
"Апошнія звесткі па колькасці выпадкаў захворвання былі пададзены краінай [Беларуссю . — Еўрарадыё] у пятніцу 17 красавіка па стане на 16 красавіка 2020 года", — растлумачыў Батыр Бердыклычаў.
Пры гэтым беларускія звесткі пра новыя смерці, звязаныя з COVID-19, там ёсць. Праўда, ёсць і розначытанні. У справаздачы СААЗ на 10 раніцы 17 красавіка памерла 3 чалавекі (у Мінздароўя ў прэс-рэлізе ў гэты дзень гаварылася пра двух людзей), а ў справаздачы на 10 раніцы 18 красавіка 2 чалавекі (а ў Мінздароўя памерлі 3 чалавекі). Агульная колькасць у выніку сышлася.
Але не толькі СААЗ не ў курсе сітуацыі з каранавірусам у Беларусі. Універсітэт Джона Хопкінса, які збірае ўсе адкрытыя звесткі па колькасці хворых у свеце і які стварыў інтэрактыўную карту для зручнага адсочвання распаўсюджвання каранавіруса, таксама не публікуе новых звестак пра пацверджаныя выпадкі COVID-19 у нашай краіне. Там, як і ў іншых агрэгатарах, іх колькасць па-ранейшаму роўная 4779.
Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя пайшоў яшчэ далей. У ягонай справаздачы за 20 красавіка напісана, што за апошнія суткі ў Беларусі — 0 новых выпадкаў каранавіруса. Падобна, мы сталі сведкамі велікоднага цуду.
Галоўны санітарны доктар Наталля Жукава нядаўна расказала ў эфіры АНТ, што дае веданне асноўных лічбаў у штодзённых справаздачах Мінздароўя:
"Нам гэта дае магчымасць параўноўваць тэмпы прыросту, наколькі прырастае, напрыклад, захваральнасць або выяўляльнасць каранавіруснай інфекцыі. Як нам выбудоўваць работу ў тым ці іншым рэгіёне. Гэта значыць, гэта фактычна падстава для арганізацыі супрацьэпідэмічнай работы на той ці іншай тэрыторыі".
Хочам звярнуцца да Міністэрства аховы здароўя: гэтыя лічбы важныя не толькі для дзяржаўных служачых, але і для СМІ, і для звычайных людзей. Актуальныя звесткі патрэбныя для таго, каб інфармаваць пра сітуацыю, у якой мы ўсе знаходзімся, і пра тое, якія дзеянні і рэкамендацыі актуальныя для людзей на цяперашні момант. Калі няма адэкватнай статыстыкі, немагчыма прымаць абдуманыя рашэнні. Своечасовая і поўная статыстыка — пытанне бяспекі людзей.