Наведвальнасць матчаў ЧБ па футболе ўпала больш чым у два разы
Матчы чэмпіянату Беларусі па футболе сёлета праходзяць пры паўпустых трыбунах / by.tribuna.com
Наведвальнасць матчаў чэмпіянату Беларусі па футболе ўпала больш чым у два разы. Дадзеныя па выніках першага тура ЧБ прааналізавалі журналісты by.tribuna.com і выявілі, што агульная колькасць фанатаў, якія наведалі матчы першага тура ў гэтым годзе, на 58,5% менш, чым у мінулым сезоне.
Калі летась гульні 1-га тура ў сярэднім наведалі 1309 чалавек, то ў гэтым — усяго 544.
Самы масавы і самы "незаўважаны" фанатамі матч прайшлі на адным і тым жа стадыёне — ФК "Мінск". Больш за ўсё заўзятараў было на матчы "Дынама" Мінск — " Тарпеда-БелАЗ " (993), менш за ўсё — на гульні "Іслач" – "Славія" (усяго 180).
Нагадаем, перад пачаткам сезона фанаты практычна ўсіх клубаў вышэйшай лігі заявілі, што маюць намер байкатаваць матчы з-за сітуацыі ў краіне. Аднымі з першых аб гэтым кроку на сваёй старонцы ў Instagram абвясціў саппорт брэсцкага "Дынама". Далей здарыўся эфект даміно: з аналагічнымі заявамі вытупілі заўзятары "Нёмана", "Слуцка", БАТЭ, "Маладзечна", "Віцебска", "Мінска" і іншых клубаў. Асноўнай прычынай была нязгода з тым, што адбываецца ў краіне.
"Мы не згодныя з тым, што ў краіне прававы калапс, што проста няма правоў чалавека, цалкам разбураныя інстытуты следства, судоў, пракуратуры. І вядома, мы не згодныя з тым, што наша краіна апускаецца ў эканамічную, гуманітарную і палітычную прорву", тлумачыў Еўрарадыё прычыны байкоту адзін з фанатаў мінскага "Дынама".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.