Назараў: Звычайныя гурты не могуць выступіць на цэнтральнай плошчы Брэста

Са Змітром сустракаемся пасля канцэрту Deep Purple у Мінску. Ён — у выдатным настроі. 

Еўрарадыё: Мінуў чацвёрты па ліку і надта ўдалы па водгуках Men's Fest. Што думаеш наконт далейшага жыцця фестывалю?

Зміцер Назараў: Наперадзе — пяты Men's Fest. І, спадзяюся, усё ж такі атрымаецца яго правесці, я знайду на гэта сродкі, сілы і час. Каманды мне не бракуе. Адзінае, патрэбныя беларускія гурты, якія могуць выступіць у ролі хэдлайнераў, але каб яны былі не забароненыя. Будзем думаць і шукаць такіх. Ужо ёсць ідэя, як зрабіць адметным наступны Men's Fest. За працу возьмемся ўжо пасля Новага года.

Еўрарадыё: Чатыры гады ты назіраеш за рэакцыяй гледачоў-брастаўчан на Men's Fest. Мяркуеш, патрэбны ім такі фестываль?

Зміцер Назараў: Мне падаецца, што Брэсту патрэбны гэты фестываль, таму што ў нас не так шмат якасных і цікавых імпрэз, якія робяцца з сучасным падыходам, з нейкімі крэатыўнымі думкамі. Тое, што з афіцыйнага боку нікому не цікава рабіць рок-фестывалі, гэта зразумела, і ніякай вялікай падтрымкі чакаць не даводзіцца. Таму самі будзем змагацца з гэтай сітуацыяй, выцягваць людзей з інтэрнету. Пакуль ёсць тэндэнцыя да росквіту мерапрыемства. Спадзяюся, так будзе і далей.

А ўвогуле, мне вельмі прыемна, што на сёлетні Men's Fest вельмі шмат людзей прыехала з іншых гарадоў і нават краін: з Мінска, Віцебска, Гародні, з Польшчы, Украіны. Гэта было не масава, але было. Пра гэта сведчыць і пераклічка, і тэлефонныя званкі, і квіткі, якія я рассылаў па розных гарадах. Мне падаецца, што людзі ўспрымаюць ужо Men's Fest не як зборышча гуртоў, а ўсё ж як брэнд. То бок, ужо пачынаецца адваротная сувязь ад працы на імя.

Еўрарадыё: Ці ўплывае наяўнасць Men's Fest на з'яўленне беларускамоўных гуртоў у Брэсце?

Зміцер Назараў: Цяжка казаць, таму што ў Men's Fest'а не такая ўжо вялікая гісторыя. Калі б мы гутарылі праз 15 гадоў, можа, і знайшлі б такіх. Але мне прыемна, што пэўныя небеларускамоўныя гурты звяртаюцца да беларускай мовы дзякуючы нам. Мы ўсё ж працуем не на тое, каб павялічыць колькасць беларускамоўных каманд, мы хочам паўплываць на стаўленне да беларускай мовы сярод моладзі. Каб яна ўспрымалася, як нармальная сучасная мова, на якой не сорамна размаўляць. Гэта модна — размаўляць на ёй. Вось на гэта робім акцэнт. Таму мы і запрашалі гурт Akute, як прыклад моднага беларускамоўнага гурта. Дай Божа, каб ён і далей развіваўся, быў папулярным, збіраў стадыёны ў нас у краіне і не толькі. Іх шлях даказвае, што пры нармальным падыходзе, пры працавітым падыходзе можа быць поспех і з беларускай мовай. Яна — не кляймо для музычнага калектыву.

Ілона Карпюк і Зміцер Назараў падчас Men's Fest'а

Еўрарадыё: Апроч Men's Fest'а ці праходзяць у Брэсце альтэрнатыўныя мерапрыемствы? Увогуле, што адбываецца цяпер на музычнай сцэне горада над Бугам?

Зміцер Назараў: У нас адбываюцца выпадковыя рок-канцэрты з падыходам "вось апарат, вось сцэна, іграйце" з невялічкай аўдыторыяй. Таксама праходзіць некалькі фестываляў кшталту X-Star, які ладзіць хрысціянская арганізацыя цэнтр "Спасение". Яны запрашаюць гурты, даюць ім узнагароды. Але, на мой погляд, у апошні час менш публікі цікавіцца гэтай імпрэзай. На Дзень моладзі на цэнтральнай прошчы горада праводзіцца фэст "Горад святла" — яго таксама арганізоўвае хрысціянскі рух, і выступаюць там выключна хрысціянскія гурты. На жаль, для звычайных гуртоў немагчыма выступіць на цэнтральнай плошчы. Таму Men's Fest — гэта свайго роду альтэрнатыўная пляцоўка. Але не ў плане альтэрнатыўнай музыкі, а ў плане падыходу. Мы стаім на сваім месцы, але збоку.

Еўрарадыё: А ўвогуле, які музычны рух больш-менш развіты ў Брэсце?

Зміцер Назараў: Калі шчыра, то незразумела, якая сцэна развітая ў нас. Напрыклад, у нас ёсць невядомыя расійскія гурты, якія граюць поп-дэз-кор і спяваюць пра каханне з мацюкамі ў тэксце. І гэта збірае моладзь... У нас зоркі адны — гэта "Дай Дарогу!". Гэта выключна поўная зала ў кожным горадзе Беларусі. Пра астатнія гурты гутарка нават не вядзецца на такім узроўні.

Еўрарадыё: Напрыканцы 90-х у Брэсце гуло культурнае альтэрнатыўнае жыццё. Тады ж нараджаліся шалёныя імправізацыі ад "Рацыянальнай дыеты", быў шэраг рок-каманд, якія гралі канцэрты. Нейкія перфомансы, цікавыя івенты ў закінутых дамах, памятаю. Ці захавалася гэтая атмасфера цяпер? Чаму цяпер ціха ў вашым горадзе?

Зміцер Назараў: Не захавалася той атмасферы і ініцыятывы. Спытай каго з цяперашняга пакалення, ці ведаюць яны культавых асоб горада акрамя Стыльскага, нікога не назавуць. Нават не ведаю, чаму так. Магчыма, на гэта ўплывае даступнасць — чалавеку не трэба нават з ложка ўставаць, каб здабыць жаданую музыку... Час дэвайсаў і абыякавасці да ўсяго. І я маю на ўвазе не толькі культурнае жыццё. Моладзь, не ўся, вядома, але перастае цаніць і радавацца простым жыццёвым рэчам.

Еўрарадыё: Ці ёсць у Брэсце месцы, дзе можна граць жывую музыку?

Зміцер Назараў: Раней можна было замуціць канцэрт, амаль не ўкладаючы ў гэта грошы. Цяпер пануюць выключна рыначныя адносіны.

У Брэсце ёсць усяго два клубы, больш-менш прыгодныя да "жывагі". Але выдаткі на арганізацыю канцэртаў у іх складаюць каля 600-800$. І гэта без ганарараў для артыста. Да таго ж, трэба пастарацца, каб атрымаць гастрольку. Патлумачыць сэнс тэкстаў, якія вельмі скурпулёзна вычытваюць.

Еўрарадыё: Ці шмат вулічных музыкаў у Брэсце? Дзе яны граюць? Ёсць, можа, нейкія адмысловыя месцы для іх?

Зміцер Назараў: Я бачу на Савецкай ужо, можа, з 2 гады адных і тых жа трох панкаў.    Адмысловага месца няма, ды і наша міліцыя ганяе гэтых "незаконных прадпрымальнікаў".

Еўрарадыё: Нейкі час таму ты дзяліўся дэпрэсіўнымі думкамі кшталту "няма тут чаго рабіць". Што твае падапечныя, гурт Sciana, спыняюць дзейнасць у Беларусі. Мяркуючы па тым, што Sciana толькі што прэзентавала новы альбом, твае погляды ўсё ж змяніліся.

Зміцер Назараў: Ведаеш, у нас і зараз-та асабліва няма ахвоты нешта рабіць. Бо Sciana — гэта цалкам некамерцыйны калектыў, ён не робіць музыку, якая цяпер у плыні. А аматараў прыйсці на канцэрт і проста паслухаць гурт не шмат. Не ведаю, можа мы прамарнавалі свой час. Можа, робім нешта не тое. Але хлопцы адчуваюць і робяць менавіта такую музыку. Паглядзім, што будзе далей.

Еўрарадыё: Апроч "Сцяны", ты супрацоўнічаеш яшчэ з шэрагам брэсцкіх гуртоў.

Зміцер Назараў: Так, я спрабую чым магу дапамагаць гэтым гуртам. Бо займацца нечым большым, прадзюсаваннем, напрыклад, трэба вялікія сродкі, якіх у мяне няма.

Еўрарадыё: Ці трымаеш сувязь з арганізатарамі канцэртаў у іншых абласных гарадах? Ёсць у вас нейкая свая тусоўка?

Зміцер Назараў: Тусоўкі няма. Але з Віцебскам, Гродна, Мінскам, у нас больш сталыя адносіны.

Еўрарадыё: Ці няма ідэі зрабіць перасоўны фестываль? Напрыклад, сёння Men's Fest праходзіць у Брэсце, заўтра ён едзе ў Гродна, далей — у Гомель...

Зміцер Назараў: Ой, не ведаю. Мабыць, не. Калі б былі спонсары, можна было б рабіць. Але са спонсарамі ў нашай краіне вельмі цяжка. Я не ведаю, як заахвоціць іх выдаткоўваць грошы на культурнае мерапрыемства, бо ім ад гэтага плюса ніякага. То бок, у Польшчы, напрыклад, гэта мінус з падаткаў, а ў нас гэта плюс праблемы. Таму чалавек проста адмаўляецца. А за свой кошт рабіць — не адбіваюцца ў нас беларускія гурты. Аднак трэба працаваць, каб разбураць стэрэатыпы, што беларускае — гэта не цікава, што "лепш ісці на "Луну", Lumen", бо гэта супер, гэта прафесійна. Але за свае грошы разбураць — гэта вельмі цяжка. І некалькі разоў стукнуўшыся аб сцяну, не вельмі хочацца зноў уздымацца, адрываць гэтыя грошы ад сям'і і класці на алтар сваіх мараў.

Еўрарадыё: Але ж, мабыць, спадзяешся, што твая дзейнасць дасць плён, інакш кінуў бы ўсё даўно.

Зміцер Назараў: Недзея памірае апошняй (смяецца).

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі