"Не хочам у СССР": у Грузіі патрабуюць выбараў і вызвалення апазіцыянераў

Пратэстоўцы трымаюць транспаранты з надпісамі "Грузія не вернецца ў Савецкі Саюз" / JAMnews / Давід Піпія
Пратэстоўцы трымаюць транспаранты з надпісамі "Грузія не вернецца ў Савецкі Саюз" / JAMnews / Давід Піпія

У Тбілісі аднавіліся пратэсты апазіцыі, на іх па-ранейшаму патрабуюць пазачарговых парламенцкіх выбараў, але першай задачай у спісе называецца вызваленне арыштаванага апазіцыянера.

"Як сто гадоў таму”

Ніка Мелія, лідар "Адзінага нацыянальнага руху", быў арыштаваны ўночы на 23 лютага. Гэта амаль напярэдадні Дня савецкай акупацыі, які ў Грузіі адзначаецца 25 лютага. Сёлета — сотая гадавіна саветызацыі краіны. Апазіцыя, якая пратэстуе ў цэнтры Тбілісі, часта праводзіць паралелі паміж падзеямі стагадовай даўніны і тым, што адбываецца ў Грузіі сёння: апаненты ўлады перакананыя, што кіраўнічая партыя "Грузінская мара" і яе стваральнік мільярдэр Бідзіна Іванішвілі не толькі планамерна ўкараняюць прарасійскую палітыку, але нават вядуць Грузію да поўнага паглынання Расіяй. "Грузія не вернецца ў СССР" — адзін з галоўных лозунгаў акцыі 23 лютага.

У мітынгу за вызваленне Мелія 23 лютага ўзялі ўдзел практычна ўсе апаненты ўлады — апазіцыйныя партыі, грамадскія рухі і незалежныя палітыкі. Да ночы акцыя разышлася, але на плошчы перад парламентам засталося некалькі намётаў. Наступную акцыю прызначылі на 26 лютага.

Апазіцыянер і два прэм'еры

Спецаперацыя ў офісе "нацыяналаў" стала першым рашэннем новага прэм'ер-міністра Грузіі Іраклія Гарыбашвілі. Парламент ухваліў яго кандыдатуру 22 лютага пасля таго, як раптам сышоў яго папярэднік, Георгі Гахарыя. Сыходзячы, ён заявіў, што прычынай адстаўкі сталі рознагалоссі з камандай — якраз наконт арышту Мелія (Гахарыя сказаў, што быў супраць). Прэм'ер-міністр — галоўная пасада ў Грузіі.

Іраклія Гарыбашвілі новым прэм'ерам можна назваць умоўна — ён ужо ўзначальваў урад у 2013–2015 гадах і паспеў зарэкамендаваць сябе непрымірымым змагаром з апанентамі ўлады. Таму нікога ў Грузіі не здзівіла, што за яго абяцаннем "навесці парадак у краіне" адбыўся захоп штаб-кватэры "нацыяналаў".

“Не хотим в СССР”: в Грузии требуют выборов и освобождения оппозиционеров
Мітынг у падтрымку Мелія ў Тбілісі 23 лютага 2021 года / JAMnews / Давід Піпія

У чым абвінавачваюць Ніку Мелія

Ніка Мелія — старшыня партыі "Адзіны нацыянальны рух", якую ў свой час заснаваў экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Гэта партыя была кіраўнічай з 2003 да 2012 года, калі на парламенцкіх выбарах яе перамагла "Грузінская мара", створаная бізнесменам Бідзінам Іванішвілі, які забагацеў ў Расіі.

Лідара партыі "Нацыянальны рух" Ніку Мелія абвінавачваюць ва ўдзеле ў беспарадках і закліку да ўварвання ў парламент у чэрвені 2019 года. Тады ў Грузіі пачаліся пратэсты, якія паклалі пачатак палітычнаму крызісу, што працягваецца да гэтага дня. Падставай для першай хвалі незадаволенасці стаў выступ у Грузіі расійскага дэпутата — камуніста Сяргея Гаўрылава, які заняў крэсла старшыні парламента. Гэта выклікала абурэнне апазіцыйных дэпутатаў (сярод іх быў і Мелія). Яны сарвалі пасяджэнне і ініцыявалі вулічны мітынг.

Мелія пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасці. Пракуратура выпусціла яго пад заклад у 30 тысяч лары [каля $10 тысяч. — Рэд.] і надзела на яго электронны бранзалет, каб адсочваць перамяшчэнні. Мелія насіў бранзалет да лістапада 2020 года, потым зняў яго і дэманстратыўна кінуў у натоўп на чарговай акцыі пратэсту. У адказ суд павялічыў для яго суму закладу, а сам апазіцыянер заявіў, што плаціць адмаўляецца. Менавіта гэтая нявыплата стала фармальнай падставай для затрымання палітыка і штурму штаб-кватэры апазіцыйнай партыі, якую ён узначальвае. Многія няўрадавыя і міжнародныя арганізацыі лічаць справу Мелія палітычна матываванай.

Міжнародная рэакцыя

За некалькі дзён да арышту Мелія ў Грузію прыехаў старшыня камітэта па замежных справах парламента Літвы Жыгімантас Павіліёніс, ён сустрэўся з апазіцыяй і з грузінскімі ўладамі, спрабуючы пераканаць іх не арыштоўваць апазіцыянера. Улады намякнулі, што Павіліёніс умешваецца не ў сваю справу.

"Грузія адступіла ад шляху ўмацавання дэмакратыі ў сям'і еўраатлантычных дзяржаў", — так пракаментавала арышт апазіцыянера амбасада ЗША ў распаўсюджанай праз сацсеткі заяве. Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што "Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя арыштам лідара "Адзінага нацыянальнага руху" Нікі Мелія і падзеямі, якія працягваюцца ў Грузіі".

Твітэр і фэйсбук мільгалі заявамі амерыканскіх і еўрапейскіх палітыкаў, некаторыя з іх адзначалі, што Грузія, мяркуючы з усяго, абрала расійскую і беларускую мадэлі палітычнай барацьбы — калі ўлады жорстка пераследуюць сваіх апанентаў толькі за выказванне меркавання.


Дыяна Петрыашвілі, “Медиасеть”

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі