"Не рабіць аборт, калі выяўлена генетычная паталогія плода, — такое бывае рэдка"
23 верасня польскі парламент разглядае закон, які цалкам забараняе аборты. Яго прынялі ў першым чытанні і адправілі на разгляд у камісіях сейма. То бок, калі дагэтуль у суседняй краіне аборты дазваляліся ў выпадку згвалтавання, хваробы маці ці плода, то цяпер, калі закон прымуць, за аборт і жанчыне, і доктару можа пагражаць крымінальная адказнасць.
У 2014 годзе ў Польшчы было зроблена 1800 легальных абортаў. Пры гэтым, па інфармацыі Польскай федэрацыі жанчын і планавання сям'і, каля 150 тысяч жанчын перарвалі цяжарнасць нелегальна, у тым ліку падаўшыся ў суседнія краіны. Праўда, у Беларусь на аперацыю полькі не едуць: тут ролю грае віза і нятанныя медыцынскія паслугі для замежнікаў.
"У дзяржаўныя бальніцы зваротаў ад грамадзянак Польшчы не было, — распавядае галоўны акушэр-гінеколаг Брэсцкай вобласці Эдуард Мішчук. — Калі б была нейкая сістэма, мы б ведалі і грошы б зараблялі на гэтым няшчасці. А так гэтага няма. Магчыма, звяртаюцца ў прыватныя медыцынскія цэнтры. Але я пра гэта не чуў".
У параўнанні з Польшчай, у 2014 годзе ў Беларусі было зроблена 29797 абортаў. Летась колькасць знізілася да 29217. І ўвогуле, кажа галоўны акушэр-гінеколаг краіны Юлія Савачкіна, перадабортнае кансультаванне і падвышэнне граматнасці насельніцтва робяць сваё:
"Паказчыкі за апошнія гады ў нас стабільныя. Колькасць абортаў за апошнія 10 гадоў упала ў 7 разоў".
Як даведалася Еўрарадыё нейкія змены, звязаныя з абортамі, у заканадаўстве Беларусі ў бліжэйшы час не чакаюцца.
Рэакцыя на польскі закон выклікае буру ў сацыяльных сетках. Прадказальна ўзнікаюць два лагеры: адны — за права выбару для жанчын, другія — апраўдваюць ініцыятыву польскіх уладаў: маўляў, ненароджаным дзецям мусіць быць гарантавана права на заканадаўчую абарону, незалежна ад прагнозаў і дыягназаў.
Але ў рэальнасці, як апынаецца, не многія беларускі пагаджаюцца пакінуць дзіця, калі даведваюцца пра паталогію.
"Калі генетычна ўстаноўлена нейкая праблема, то на маёй практыцы рашэнне пакінуць дзіця было з рэлігійных прычынаў, — кажа Ларыса Маўрычава, намесніца галоўнага ўрача па медыцынскай частцы мінскай Гарадской гінекалагічнай бальніцы. — Часцей гаворка ідзе пра пратэстанскую галіну рэлігіі: баптысты, пяцідзесятнікі і сведкі іеговы. Але такое бывае вельмі рэдка".
У Беларусі заканадаўча можна зрабіць аборт да 12 тыдняў, пазней — толькі па медыцынскіх паказчыках. Ёсць два віды: медыкаментозны (жанчына прымае таблеткі і пазбаўляецца плоду нібыта без далейшых наступстваў для здароўя) і артыфікаваны (т.з. выскобліванне). Абедзве працэдуры платныя. Першая, здавалася б, прасцейшая, каштуе больш.