Не змаглі знайсці тых, хто біў — справы аб гвалце ў міліцыі не будзе

Упраўленне СК па Гомельскай вобласці / gp.by
Упраўленне СК па Гомельскай вобласці / gp.by

Жыхару Гомеля Дзмітрыю Лукомскаму прыйшоў адказ на яго заяву з просьбай узбудзіць крымінальную справу па факце яго збіцьця супрацоўнікамі міліцыі — справы не будзе.

У міліцыі ён апынуўся 11 жніўня пасля затрымання ў цэнтры горада. Яго білі пры затрыманні, і пазней у РУУС.

"Кожны супрацоўнік, які праходзіў міма мяне, калі я ляжаў на падлозе, біў мяне нагой у пахвіну. Яны крычалі: "Лукомскі, табе патрэбен адвакат?"Калі я казаў, што патрэбны, мяне білі яшчэ мацней",распавёў мужчына агенцтву БелаПАН.

Прычым білі, кажа Лукомскі, тады не яго аднаго.

"Там, у Цэнтральным РАУС, 11 жніўня проста была катавальная камера, паўсюль былі крыкі, стогны, па падлозе валяліся выбітыя зубы", — успамінае мужчына. У ізалятар часовага ўтрымання, па яго словах, ён трапіў у несвядомым стане.

Пасля вызвалення мужчына зняў пабоі, прайшоў экспертызу і напісаў заяву ў Следчы камітэт з патрабаваннем распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія яго збівалі. Апазнаць сваіх крыўдзіцеляў Лукомскі не мог — яны былі ў балаклавах.

1 лютага мужчына атрымаў адказ — яму адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Як вынікае з адказу, следчыя апыталі супрацоўнікаў Цэнтральнага РАУС, і ўсе яны паведамілі, што "ніхто супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да Лукомскага не здзяйсняў, неабгрунтаваная фізічная сіла і спецыяльныя сродкі да яго не ўжываліся". А запісы з камер відэаназірання, якія устаноўлены у памяшканнях АУС, не захаваліся.

"У сувязі з гэтым усталяваць і апытаць супрацоўнікаў АУС або вайсковай часткі, якія ажыццяўлялі затрыманне Лукомскага, не ўяўляецца магчымым", — напісана ў пастанове СК. А цялесныя пашкоджанні ў Лукомскага " маглі ўтварыцца ў выніку прымянення да яго фізічнай сілы і спецсродкаў .... у межах прадстаўленых ім (супрацоўнікам міліцыі —Еўрарадыё) паўнамоцтваў для спынення адміністрацыйнага правапарушэння".

Мужчына застаўся ўражаны адказам.

"Мяне збілі ні за што, зламалі тэлефон, ровар, гадзіннік, я выйшаў з ІЧУ ўвесь сіні, месяц кульгаў, у мяне было страсенне мозгу — але гэта ўсё законна? Калі я быў у следчага, ён мне нібыта спачуваў і здзіўляўся, што так мяне пабілі ў міліцыі, тое ж самае было на экспертызе. Але, як аказалася — гэта ўсё сістэма", — пракаментаваў адказ СК Лукомскі.

Нягледзячы на мноства сведчанняў і заяваў ад пацярпелых, у Беларусі да гэтага часу не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы паводле фактаў гвалту з боку сілавікоў. Суседнія краіны заявілі аб гатоўнасці расследаваць такія факты па універсальнай працэдуры. У прыватнасці, у Генпракуратуру Літвы ў лістападзе была пададзеная заява па факце збіцця бізнэсоўца Максіма Харашына.

Не смогли найти тех, кто бил —  дела о насилии в милиции не будет
Максім Харошын / скрыншот відэа

У студзені дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі паведамляў, што такія справы могуць быць разгледжаныя таксама ў Польшчы і Чэхіі.

У самой Беларусі з унясеннем змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс следства атрымала магчымасць цягнуць з адказам па такіх заявах неабмежаваную колькасць часу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі