Недзяржаўныя журналісты заяўляюць, што больш не пойдуць да Лукашэнкі

Недзяржаўныя журналісты заяўляюць, што больш не пойдуць да Лукашэнкі

6 лютага інфармацыйнае агенцтва БелаПАН апублікавала тэкст пад назвай "БелаПАН: мы не будзем статыстамі ў чужым шоў". "Падчас “Вялікай размовы з прэзідэнтам” прадстаўнікі БелаПАН і большасці іншых медыя былі пазбаўленыя магчымасці выканаць свой прафесійны абавязак — задаць пытанні кіраўніку дзяржавы. Фактычна, нас выкарысталі ў ролі статыстаў. Успрымаем гэта як знявагу і заяўляем, што не бачым сэнсу ўдзельнічаць ў мерапрыемствах, куды нас запрашаюць дзеля масоўкі, а не для выканання нашых прафесійных абавязкаў. Настойваем на асобным інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам, бо ў журналістаў і грамадства накапілася шмат пытанняў пра сённяшні дзень і будучыню Беларусі, якія і пасля “Вялікай размовы” застаюцца без адказу", ― гаворыцца ў заяве агенцтва.

Кіраўнік інфармацыйнага агенцтва Алесь Ліпай у размове з Еўрарадыё пацвердзіў, што ў падобных мерапрыемствах яго журналісты больш браць удзелу не будуць. "Калі не будзе гарантыі, што мы зможам выконваць свае прафесійныя абавязкі ― то, так. Мы не збіраемся выконваць ролі статыстаў", ― сказаў Ліпай.

Ён таксама дадаў, што БелаПАН гатовы удзельнічаць у размове Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі іншых СМІ, аднак умовай застаецца магчымасць задаваць пытанні кіраўніку краіны.

Падобную пазіцыю агучыў яшчэ адзін удзельнік “Вялікай размовы з прэзідэнтам", намеснік галоўнага рэдактара выдання "Наша Ніва" Зміцер Панкавец. "Калі такі фармат застанецца, калі недзяржаўным СМІ будзе адводзіцца роля масоўкі, то я не бачу сэнсу ў сваім удзеле... Я 4 ці 5 гадоў удзельнічаў у прэс-канферэнцыях Лукашэнкі і такое здарылася ўпершыню", ― сказаў ён.

"Вялікая размова" Лукашэнкі з прадстаўнікамі СМІ, грамадскасці і экспертамі ў розных галінах адбылася 3 лютага. На мерапрыемства былі запрошаныя прадстаўнікі недзяржаўных выданняў, аднак пытанне змог задаць толькі галоўны рэдактар "Народнай Волі" Іосіф Сярэдзіч. Прадстаўнікі "БелаПАН", "Нашай Нівы", "Радыё Свабода", "Камсамольскай праўды ў Беларусі", TUT.BY слова не атрымалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі